Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Смаргоняў абскардзіла ў камітэт ААН штраф за сьцяг з Пагоняй


Гістарычны сьцяг, ілюстрацыйнае фота
Гістарычны сьцяг, ілюстрацыйнае фота

Катажына Прыймак са Смаргоняў накіравала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Яна не пагадзілася са штрафам, якім яе пакаралі за нацыянальную сымболіку на ейным доме.

Сёлета ў красавіку на акне яе прыватнага дома ў Смаргонях сілавікі зафіксавалі бел-чырвона-белы сьцяжок з выявай «Пагоні».

Як паведамілі Свабодзе праваабаронцы, скончылася гэта складаньнем пратаколу за арганізацыю гаспадыняй жытла Катажынай Прыймак «несанкцынаванага масавага мерапрыемства ў выглядзе аднаасобнага пікетаваньня». Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску для дагляду дзіцяці.

Катажына Прыймак
Катажына Прыймак

Судзьдзя суду Смаргонскага раёну Людміла Пятрова наклала на Прыймак штраф у памеры 870 рублёў. Судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Анатоль Заяц скаргу на пастанову пакінуў у сіле.

У адказ на, зь яе гледзішча, беспадстаўнае пакараньне Катажына Прыймак накіравала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. У заяве яна адзначыла, што разьмяшчэньне сьцяга на шкле не зьяўляецца «масавым мерапрыемствам», а дэманструе павагу да гістарычнай сымболікі.

Фрагмэнт заявы ў Камітэт правоў чалавека ААН
Фрагмэнт заявы ў Камітэт правоў чалавека ААН

Яна лічыць, што пакараньне зьяўляецца парушэньнем Рэспублікай Беларусь артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх поглядаў і права на вольнае выказваньне сваёй думкі.

У сваёй скарзе жыхарка Смаргоняў Катажына Прыймак просіць Камітэт правоў чалавека ААН канстатаваць факт парушэньня Рэспублікай Беларусь згаданага артыкулу і рэкамэндаваць уладам кампэнсаваць маральны і матэрыяльны ўрон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG