Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён параіў нам мэдыкамэнты і абсьледаваньне». Зь беларусамі, якія хаваюцца ў амбасадзе Швэцыі, пагутарыў швэдзкі лекар


Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі ў амбасадзе Швэцыі ў Менску 11 верасьня 2020 году
Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі ў амбасадзе Швэцыі ў Менску 11 верасьня 2020 году

Бацька і сын Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, якія больш за год знаходзяцца на тэрыторыі швэдзкай амбасады, атрымалі кансультацыю ад лекара са Швэцыі.

Пра гэта Свабодзе расказаў Уладзіслаў.

Са швэдзкім лекарам яны размаўлялі празь відэасувязь.

«Ён параіў нам мэдыкамэнты па нашых сымптомах і сказаў, што неабходна прайсьці абсьледаваньне, — кажа Ўладзіслаў. — Я ўжо тры плянавыя абсьледаваньні па анкалёгіі прапусьціў. У Беларусі мы ж ня можам прайсьці абсьледаваньне, а за мяжу пакуль няма магчымасьці нас вывезьці. Лекар сказаў, што абсьледаваньне патрэбна і бацьку, ёсьць праблемы».

Прапісаныя швэдзкім лекарам мэдыкамэнты Кузьнечыкі ўжо атрымалі: адны былі набытыя ў Беларусі, а іншыя ім прывезьлі са Швэцыі. Паводле Ўладзіслава, лекі аплацілі швэдзкія ўлады. Як сябе адчуваюць Кузьнечыкі?

«Праблемы ёсьць, але цярпіма, ужо прывыклі», — сказаў Уладзіслаў.

Таксама ён паведаміў, што абодва пакуль не прышчапляліся ад каранавірусу.

«Мы адны на цокальным паверсе, калі да нас зрэдку нехта прыходзіць, то абавязкова ў масках», — сказаў Уладзіслаў.

Як Кузьнечыкі трапілі ў амбасаду

Удзельнікі пратэстаў Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, якім на той час было 47 і 29 гадоў, папрасілі палітычнага прытулку ў Швэцыі, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў. У швэдзкай амбасадзе ў Менску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузьнечыкі пераскочылі праз агароджу дыппрадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі ўжо больш за год.

23 верасьня 2020 году Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зьвярнуліся ў Камітэт супраць катаваньняў ААН са скаргай на Швэцыю. У ёй гаворыцца, што ў выніку бязьдзеяньня альбо дзеяньняў Швэцыі іх могуць затрымаць беларускія ўлады і прымяніць катаваньні.

1 кастрычніка Камітэт задаволіў запыт Кузьнечыкаў пра часовыя меры. Яны абавязваюць Швэцыю забясьпечыць асабістую недатыкальнасьць Кузьнечыкаў, пакуль Камітэт разглядае іхную скаргу.

Паводле адваката Вадзіма Драздова, заяўнікі 6 жніўня 2021 году атрымалі ліст з сакратарыяту ўправы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У лісьце сказана, што гэтая скарга Кузьнечыкаў цяпер знаходзіцца ў сьпісе спраў, заплянаваных да разгляду на сэсіі Камітэту, якая мае адбыцца ў лістападзе 2021 году.

Паводле раскладу працы Камітэту, чарговая сэсія пройдзе з 8 лістапада па 3 сьнежня.

«Краіне-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыцьцёва важную мэдычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — кажа Вадзім Драздоў.

Таксама Камітэт супраць катаваньняў паўторна адмовіў уладам Швэцыі ў задавальненьні іх просьбы аб зьняцьці часовых мераў. Кузьнечыкі застаюцца на тэрыторыі амбасады.

Паводле адваката Вадзіма Драздова, швэдзкія ўлады мусяць вырашаць пытаньне з аказаньнем мэдычнай дапамогі Кузьнечыкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG