Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Скурко працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай, але не дапытваюць; Леўшына пачала вакцынацыю

абноўлена

Андрэй Скурко
Андрэй Скурко

На 18 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 812 палітычных вязьняў.

Ірына Леўшына атрымала першую дозу вакцыны

Палітзьняволеная, рэдактарка агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына ў лісьце на волю напісала, што ім робяць прышчэпкі ад каранавірусу. Як вынікае з допісу, яна ўжо атрымала першую дозу, 21-22 кастрычніка павінна быць другая. Пры гэтым не ўдакладняе, якая канкрэтна вакцына.

«А ў астатнім усё па-ранейшаму: сон, яда, прагулкі, сэрыялы (дзякуй Богу, не заўсёды), кнігі і самае галоўнае — лісты! Не перадаць словамі, як іх усе чакаюць. Яны важнейшыя за ўсе перадачы і пасылкі. Таму дзякуй за лісты, паштоўкі і малюнкі, яны так грэюць душу», — напісала з-за кратаў палітзьняволеная.

Рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзьмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня. Першапачаткова іх падазравалі ў «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Аднак затым выставілі абвінавачаньні паводле артыкулу аб ухіленьні ад выплаты падаткаў.

Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязьнямі, а затрыманьні і ператрусы ў іншых супрацоўнікаў БелаПАН «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў на абмежаваньне распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».

Андрэя Скурко пакінулі за кратамі яшчэ на месяц

17 верасьня палітвязень Андрэй Скурко ня выйшаў на волю. Гэта значыць, што яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на месяц, паведаміла ў Фэйсбуку яго жонка Паўліна Скурко.

«Справа прасоўваецца так, што за тры месяцы на „Валадарцы“ Андрэя ніводнага разу не дапыталі. Зь ім не праводзілі ніякіх сьледчых дзеяньняў. Яго трымаюць абы трымаць — з абвінавачаньнем у недаплаце камуналкі. Адпусьціць да сям’і яго нельга — страшны злачынца, ён можа ціснуць на сьведак і зьнішчаць доказы, так патлумачыў нам сьледчы», — напісала Паўліна Скурко.

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай нівы». У 2006-2017 гадах быў галоўным рэдактарам выданьня.

Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году. Пазьней яму і галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу выставілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканьня была па тарыфах для фізычных асобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных.

Сьледчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнэрга» нібыта нанесьлі шкоду на 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі не зьвярталася.

Алена Талкачова сьмяшыць суседак

Аляксандра Багуслаўская напісала ў сваім фэйсбуку, што атрымала новы ліст ад зьняволенай у «справе Tut.by» журналісткі Алена Талкачовай. Зь яго вынікае, што палітзьняволеная спрабуе заставацца ў добрым настроі і нават плянуе на будучыню.

«Ладзіць stand-up канцэрты ў СІЗА для суседак, якія ў поўным захапленьні ад яе жартаў. „Спачатку адкатаць праграму ў турме, затым — малая сцэна Гомля, а потым — мірскія бары, падрыхтуйцеся“, — піша Талкачова за кратамі».

Непаўналетняга Мікіту Залатарова два тыдні трымалі ў ШЫЗА

17-гадовага Мікіту Залатарова, хворага на эпілепсію, 13 дзён трымалі ў штрафным ізалятары калёніі для непаўналетніх у Бабруйску. Пра гэта БелаПАН паведаміў бацька падлетка Міхаіл Лапуноў.

17 кастрычніка Мікіта патэлефанаваў з калёніі і расказаў, што спачатку ён атрымаў 7 сутак ШЫЗА, затым яго вывелі ў калідор і завялі назад у ізалятар яшчэ на 6 сутак.

«Як я зразумеў, спатканьня яго пазбавілі. Ён прасіў пасылку, цяпер зьбіраем», – дадаў Лапуноў.

2 кастрычніка маці Мікіты прыехала да яго ў калёнію на заплянаванае спатканьне, але яе не пусьцілі, перадачу для сына не прынялі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG