Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве зьявілася кальцавая разьвязка імя Вольнай Беларусі па дарозе на Берасьце


Ілюстрацыйнае фота: акцыя беларускай дыяспары ў Варшаве, сакавік 2021 году

14 кастрычніка гарадзкая рада Варшавы прыняла рашэньне аб наданьні адной з кальцавых разьвязак у раёне Ўрсынаў назвы Вольнай Беларусі. Яе будуць праяжджаць усе, хто едзе ў кірунку Берасьця.

Такім чынам улады гораду выказалі сваю салідарнасьць зь беларускім народам у яго імкненьні да справядлівасьці і дэмакратыі, паведамляе ў Тэлеграме «Цэнтар беларускай салідарнасьці».

Ініцыятарамі зьяўленьня кальцавой разьвязкі Вольнай Беларусі сталі «Цэнтар беларускай салідарнасьці», ініцыятыва «Вольная Беларусь» і рух Polska 2050.

Заяўку падтрымалі 210 дарослых жыхароў Варшавы. Ініцыятары падкрэсьліваюць сымбалічнасьць гэтага месца — кіроўцы на трасе S2, якая вядзе ў бок беларускага Берасьця, будуць праяжджаць Варшаву праз кальцавую разьвязку «Свабодная Беларусь».

15 кастрычніка ў Варшаве, на скрыжаваньні вуліц Południowa Obwodnica Warszawy (al. Legionów Piłsudskiego) i ul. Puławskiej пройдзе ўрачыстасьць, прысьвечаная гэтай падзеі. У ёй возьмуць удзел прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, Ханна Гіл-Пёнтэк — старшыня польскай парлямэнцкай групы «Polska 2050», старшыня партыі «Polska 2050» Міхал Кабоска, прадстаўнік мясцовага самакіраваньня раёну Ўрсынаў і руху «Polska 2050» Павал Ленарчык, а таксама прадстаўнікі Цэнтру беларускай салідарнасьці і ініцыятывы «Вольная Беларусь». Фінальным пунктам урачыстасьці стане выступ Вольнага Хору.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG