Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 кастрычніка: закрыты суд за зьнявагу чырвона-зялёнага сьцяга

абноўлена

Бел-чырвона-белы сьцяг у Менску ў жніўні 2020 году.

Судовыя органы ў Беларусі працягваюць перасьледаваць беларусаў за пратэсты супраць дзейнай улады. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

3 гады калёніі за зьняты чырвона-зялёны сьцяг і вывешаны бел-чырвона-белы

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 13 кастрычніка адбыўся закрыты судовы працэс у справе Артура Жвірыдоўскага, якога вінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (зьнявага дзяржаўных сымбаляў).

Па вэрсіі абвінавачаньня, Жвірыдоўскі ў чэрвені сёлета вывесіў уначы бел-чырвона-белы сьцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры паласы ў бел-чырвона-белым спалучэньні. Акрамя гэтага, зьняў чырвона-зялёны сьцяг з будынку адной зь дзяржаўных установаў раённага цэнтру.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме — на яго не пусьцілі маці Артура і іншых сваякоў, а ў судовым раскладзе на стэндзе пасяджэньне адсутнічала. Перад судом Жвірыдоўскага тры месяцы ўтрымлівалі за кратамі, а цяпер прысудзілі 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Затрыманьне сьлесара за камэнтар

У Менску затрымалі сьлесара аднаго з прадпрыемстваў, які ў «экстрэмісцкім тэлеграм-канале» пакінуў камэнтар і назваў камандзіра АМАП (Дзьмітрыя Балабу — заўв.РС) «гнідай грамадзтва».

Гэта вынікае зь відэа МУС, дзе людзі пад гвалтам або пагрозай гвалту гавораць на камэру «прызнаньні» ва ўчыненым, што ў юрыспрудэнцыі доказам віны ня лічыцца. У дачыненьні 44-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу за «абразу прадстаўніка ўлады».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG