Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр першы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Бруханаў. Ён адзін з шасьці чалавек, якіх судзілі пасьля аварыі


Былы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Віктор Бруханаў, намесьнік галоўнага інжынэра Анатоль Дзятлаў і галоўны інжынэр Мікалай Фамін падчас вынясеньня прысуду.
Былы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Віктор Бруханаў, намесьнік галоўнага інжынэра Анатоль Дзятлаў і галоўны інжынэр Мікалай Фамін падчас вынясеньня прысуду.

На 85-м годзе жыцьця памёр Віктар Бруханаў, першы дырэктар Чарнобыльскай АЭС, паведамляе дзяржаўнае прадпрыемства «Чарнобыльская АЭС».

26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС адбыліся два выбухі. У выніку цалкам разбурыўся рэактар чацьвёртага энэргаблёку станцыі, што прывяло да найбуйнейшай катастрофы за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі. У тым жа годзе Бруханава і яшчэ пяць чалавек арыштавалі і судзілі. Ён атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі.

У Бруханава была інваліднасьць другой групы. Да 1991 году ён адбываў пакараньне ў калёніі Луганскай вобласьці, дзе працаваў сьлесарам у кацельні. Партал «Медиазона» пісаў, што падаць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне яму ўдалося з дапамогай адміністрацыі калёніі, якая выдала былому начальніку станоўчую характарыстыку. Выйшаўшы на волю, ён уладкаваўся на працу ў «Укрінтэрэнэрга».

Пакінутую сям’ёй Бруханава кватэру ў Прыпяці арганізатары паўлегальных экскурсій у «зону адчужэньня» паказваюць усім ахвотным. Пасьля вызваленьня там пабываў і сам экс-дырэктар ЧАЭС: «Лепш бы не хадзіў. Мы з жонкай не ўзялі адтуль ніводнай рэчы. Прыйшоў — нічога не засталося. Толькі зламанае крэсла, i тое ня з нашага дому... Чуў, што сёньня там можна пасядзець за „маім“ працоўным сталом. Блюзьнерства».

«Усе абаранялі гонар сваіх мундзіраў! Толькі мяне ніхто не абараніў. Я лічу так: калі б сыстэма абароны рэактара была нармальна сканструяваная, то аварыі б не адбылося», — прыводзіць «Медиазона» словы Бруханава аб судовым разглядзе.

У красавіку 2021 году Служба бясьпекі Ўкраіны абнародавала сакрэтныя дакумэнты па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. Сярод апублікаваных дакумэнтаў КДБ быў самы першы даклад аб выбуху ад Віктара Бруханава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG