Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыхільнікі перамен пахаваліся, але ведаюць, што іх большасьць». Чым жыве ў эміграцыі былы выкладчык юрфаку БДУ


Былы выкладчык юрфаку БДУ Яраслаў Кот зь нявестай Лізаветай
Былы выкладчык юрфаку БДУ Яраслаў Кот зь нявестай Лізаветай

Кандыдат навук Яраслаў Кот, які выкладаў на юрфаку БДУ і напачатку году мусіў уцячы за мяжу ад рэпрэсій, цяпер жыве ў Варшаве. Спыталі ў выкладчыка, як ён уладкаваўся на чужыне, што думае пра апошнія падзеі ў Беларусі і ці зьехаў назаўсёды.

Выратавала паўза паміж адміністрацыйным арыштам і крымінальнай справай

Яраслаў Кот — гэта той выкладчык юрыдычнай этыкі, якога ў лютым арыштавалі і асудзілі на 15 сутак за тое, што «брыдкасловіў на адрас сілавікоў» падчас уварваньня і захопу ягонай кватэры. Выбіваючы зь Яраслава прызнаньні ў тым, што ён нібыта «кібэрпартызан, які зьлівае сакрэтную ўнутраную інфармацыю», Яраслава моцна зьбілі, забралі ўсю кампутарную тэхніку, да таго ж падкінулі самаробны патрон, што для юрыста азначае адно — верагодную крымінальную справу.

Расповед Яраслава Ката пра арышт на Акрэсьціна, пра тое, як 15 чалавек сядзелі ў чатырохмясцовай камэры, а іх яшчэ і рэгулярна зьбівалі ахоўнікі, стаў дадатковым доказам злачынстваў беларускага рэжыму. Яраслаў не сумняецца, што пасьля адбыцьця адміністрацыйнага пакараньня яго чакала крымінальная справа. Але здарылася замінка ў пару дзён, якую былы выкладчык схільны аднесьці на карысьць добразычліўцаў у міліцэйскіх колах, дзе шмат ягоных былых навучэнцаў ці знаёмых. Так ці інакш, але дзённай паўзы яму хапіла, каб разам зь каханай жанчынай зьехаць зь Беларусі.

«Працую адразу на некалькіх пляцоўках»

Яраслаў распавёў, як ўладкаваўся ў Варшаве. Яны з будучай жонкай Лізаветай здымаюць кватэру ў «сярэднім па коштах сэгмэнце». Для мігрантаў зь Беларусі, якія маюць працу, у Варшаве, паводле Яраслава, гэта цалкам прымальна. Яраслаў Кот запэўнівае, што варшавяне ставяцца да ўцекачоў з Беларусі вельмі прыязна.

«Тут усе памятаюць пра Рэч Паспалітую і лічаць нас сваімі сваякамі, што мы ад аднаго дрэва. Плюс едзе шмат адукаваных культурных людзей, гэта таксама вельмі цэняць. Дакладна ведаю некалькі гісторый, калі расейцы ці ўкраінцы выдаюць сябе за беларусаў, бо тады да іх лепшае стаўленьне», — распавёў Яраслаў.

Падчас чытаньня лекцыі
Падчас чытаньня лекцыі

Паводле суразмоўцы, у Варшаве ўжо жыве некалькі тысяч беларусаў і ўзровень самадапамогі сярод землякоў падвышаецца.

«У беларусаў шмат уласных інфармацыйных крыніц, месцаў, дзе сустракаюцца, ладзяць агульныя акцыі. Ужо склалася ўласная сыстэма дапамогі, таму нашым ўцекачам выжыць тут магчыма, пацьвярджаю», — кажа Яраслаў.

Паводле былога выкладчыка, польская дзяржава фінансавай дапамогі ім зь Лізай не аказвала, але візы атрымалі без праблем, за што вельмі ўдзячныя. «Увогуле пры кантактах чыноўнікі тут добразычлівыя і працуюць хутка, — заўважае Яраслаў, — Тут дзяржава для людзей, а ўсё астатняе — справа ўласных рук і галавы».

Дыплём, які не прызнавалі ў Менску, найбольш цэняць ў Варшаве

Шмат уцекачоў зь Беларусі едуць ва Ўроцлаў, Беласток. Там усё ж дзешавей жыцьцё і лягчэй уладкавацца. Чаму Яраслаў і Лізавета спыніліся ў сталіцы Польшчы?

«У Варшаву паехалі, бо тут ў мяне былі знаёмыя, мяне ведалі як навукоўца і выкладчыка, узяліся дапамагчы з жытлом і ўсё хутка атрымалася. Праца таксама знайшлася. Асабліва дапамог мой амэрыканскі дыплём PhD — дыплём доктара навук, які, дарэчы, за ўвесь час маёй працы ў БДУ так і не прызнавалі. Выкладаю адразу на некалькіх пляцоўках. Сярод іх ўнівэрсытэт Ляона Казьмінскага — гэта самы буйны прыватны ўнівэрсытэт ў Польшчы. Плюс дыстанцыйныя праекты, супрацоўнічаю з Талінскім ўнівэрсытэтам. Нават часу не хапае», — прызнаецца Яраслоаў Кот і тлумачыць, як аказалася, што веды выкладчыка этыкі зь Беларусі прыдаліся і ў Польшчы.

Люты 2021 года. Акцыя студэнтаў у абарону выкладчыка Яраслава Ката
Люты 2021 года. Акцыя студэнтаў у абарону выкладчыка Яраслава Ката

«Права як навука — гэта дачка этыкі. Права ў кожнай краіне мае адметнасьць, а вось этыка — навука ўнівэрсальная. У Беларусі я выкладаў этыку права, тут выкладаю этыку бізнэсу. Сумежныя навукі, у якіх агульная аснова».

Забароненая тэма свабоды

Яраслаў Кот навучаўся ў некалькіх славутых навуковых цэнтрах. Атрымаў навуковую ступень ў Ельскім ўнівэрсытэце ЗША, ступень МВА ў Брытанскім Адкрытым ўнівэрсытэце, скончыў БДУ і асьпірантуру Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусі. Калі навучаўся ў Акадэміі, працаваў над дысэртацыяй, у якой дасьледаваў катэгорыю свабоды ў канстытуцыйным працэсе Беларусі. Але абараніцца на гэтай тэме змог ня ў Менску, а ў Маскве, у Баўманаўскім ўнівэрсытэце.

Прычым тэму навуковай працы давялося скарэктаваць. У канчатковым выглядзе з назвы зьнікла Беларусь, фэномэн «свабода» дасьледаваўся у межах «тэхнагеннай цывілізацыі». Чаму гэтак? Паводле Яраслава Ката, калі на радзіме дасьледаваць тэму, як свабода, яшчэ было магчымым, дык абараніцца па ёй ужо не. «Нават не ўключылі ў плян абароны, давялося ехаць ў Маскву», — згадаў навуковец.

Люты 2021 году. Акцыя ў абарону выкладчыка Яраслава Ката. Прадастаўлена Яраславам Катом
Люты 2021 году. Акцыя ў абарону выкладчыка Яраслава Ката. Прадастаўлена Яраславам Катом

«Сапраўды прававы дэфолт»

Больш за 16 гадоў адпрацаваў Яраслаў Кот на катэдры крыміналістыкі юрфаку БДУ. Выкладчык з усьмешкай згадвае адзнакі за добрую працу, якімі яго за гэты час ушаноўвалі самыя розныя ўстановы. Сярод іх Сьледчы камітэт, які неяк аб’явіў выкладчыку падзяку. Дарэчы, пра гэта Яраслаў распавёў супрацоўнікам ГУБАЗіКу, калі тыя зьбівалі яго, спрабуючы выбіць прызнаньне ў кібэрпартызанстве. Але, паводле выкладчыка, каты толькі больш раззлаваліся, пачуўшы такія ўспаміны.

Як пасьля перажытага юрыст Яраслаў Кот ацэньвае прававое становішча ў Беларусі? Ці згодны з фармулёўкай аб «прававым дэфолце» і хто за яго адказны: цяперашнія сілавікі з дыплёмамі юрыстаў ці выкладчыкі юрфакаў, якія іх навучалі?

«Так, у Рэспубліцы Беларусь прававы дэфолт. Права не працуе, усе магчымыя і нават немагчымыя нормы парушаюцца. Больш за тое, цяпер фактычна ўзаконеныя прывілі цэлай групы людзей, якім даруюцца абсалютна любыя дзеяньні. Маю на ўвазе сілавікоў і вышэйшых чыноўнікаў. Але гэта скрыня Пандоры. Калі паводле закону ім ўсё дазволена, дык і тыя законы, якія прымае дыктатар ў сваю абарону, перастануць дзейнічаць», — мяркуе Яраслаў Кот. На думку выкладчыка, частка віны ў прававым дэфолце, які напаткаў краіну, ляжыць і на выкладчыках юрыдычных навук. Але найперш адказны той, хто стварыў рэжым, пры якім закон патрэбны толькі для ягонага захаваньня пры ўладзе, мяркуе Яраслаў Кот.

Былы выкладчык юрфаку БДУ Яраслаў Кот
Былы выкладчык юрфаку БДУ Яраслаў Кот

«Будзеце вінаватыя вы, калі дзеці загінуць пад танкамі»

Яшчэ ў канцы 2020 году выкладчыку Яраславу Кату значна скарацілі працоўную нагрузку, фактычна, як ён лічыць, пачалі выжываць з унівэрсытэту. За што? Яраслаў згадаў, як у жніўні адным зь першых на юрфаку публічна заступіўся за студэнтаў, якія пратэставалі супраць гвалту. Пазьней ён падпісаў некалькі пратэстных пэтыцый выкладчыкаў БДУ, далучыўся да іх незалежнага прафсаюзу. У пачатку году на факультэце зьмянілася кіраўніцтва і з новым начальствам ў сьмелага выкладчыка этыкі адносіны так і ня склаліся. «Калі дзеці загінуць пад гусеніцамі танкаў, вы ў гэтым будзеце вінаватыя», — такі папрок пачуў выкладчык ад высокапастаўленай калегі.

Дагэтуль Яраслаў зьдзіўляецца, чаму тая калега выключала разьвіцьцё падзей у іншым, мірным кірунку. Сам ён перакананы: калі тады хаця б палова грамадзян не маўчалі, а паступілі б паводле сумленьня і паказалі сваю пазыцыю — на вуліцы, у адкрытым лісьце, ці падчас страйку — сёньня Беларусь ужо б крочыла у бок дэмакратыі. Пажыўшы паўгода ў Польшчы Яраслаў стаў яшчэ большым прыхільнікам актыўных дзеяньняў простых грмадзян ў абарону дэмакратычнага ладу. «У Варшаве шматтысячныя дэманстрацыі — звычайная зьява. Грамадзяне ня толькі ведаюць свае правы, але і карыстаюцца імі», — заўважае Яраслаў Кот.

«Расьсьледаваньні ByPol важныя для падтрымкі людзей ў Беларусі»

А што думае адмысловец пра дзейнасьць арганізацыі былых беларускіх сілавікоў ByPol? Ініцыятыва агучвае службовыя сакрэты беларускіх сілавікоў, друкуе іхныя сьпісы. Ці гэта слушна і наколькі адпавядае юрыдычнай этыцы?

«Тое, што ByPol публікуе дадзеныя пра сілавікоў і іх дзейнасьць, на маю думку, злачынствам не зьяўляецца. Заканадаўства на тэрыторыі Беларусі ўжо не працуе, уключна з законам аб абароне асабістай інфармацыі. Калі б актывісты ByPol, ведаючы пра пэўнае злачынства, не абнародавалі пра яго зьвесткі, яны б сталі саўдзельнікамі. Як ў справе забітага Дзьмітрыя Бандарэнкі», — перакананы Яраслаў Кот.

У Варшаве. Лета 2021 г.
У Варшаве. Лета 2021 г.

Паводле Яраслава Ката, ByPol выконвае тры важных функцыі: каардынуе збор доказаў злачынстваў з боку сілавікоў, якія абараняюць рэжым, цісьне на рэжым знутры праз свае крыніцы і дапамагае звычайным людзям бачыць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А гэта важна для захаваньня пратэстнага патэнцыялу.

«Так, у Беларусі прыхільнікі перамен пахаваліся. Гэта натуральна, бо іх запалохалі ціскам, існымі і магчымымі рэпрэсіямі. Але такіх людзей большасьць, мінулыя выбары гэта ўсім паказалі. Чаго ім не хапае цяпер, дык гэта матывацыі, надзеі, каб не апускалі рукі. ByPol праз свае расьсьледаваньні паказвае, якім ёсьць рэжым насамрэч, што ён гнілы і слабы, што перамагчы яго магчыма і трэба», — мяркуе Яраслаў Кот.

«Вакол Лукашэнкі ўжо склаўся культ асобы»

Падзеньне рэжыму Лукашэнкі прадказвалі ў канцы 2020 году, затым чакалі яго ўвесну 21-га, потым улетку, цяпер зьвязваюць надзею з увядзеньнем жорсткіх эканамічных санкцый у канцы году. А што думае Яраслаў Кот адносна таго, калі ў Беларусі пачнецца рух у адваротны бок ад цяперашняга стану рэакцыі?

Прагнозы Яраслаў даваць адмовіўся, але заўважыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі нагадвае тое, як будуецца рэлігійная сэкта, дзе ў цэнтры — культ асобы.

«Чаму праз перамовы такі рэжым ня сыдзе? Бо гэта сэкта, у якой усё пабудавана на сьляпой веры, на кульце адной асобы. Вакол Лукашэнкі такі культ ужо склаўся, вакол згуртавалася невялікая купка такіх жа фанатыкаў жорсткіх дзеяньняў. Лёгіка, аргумэнты, прапановы сесьці за стол перамоваў на іх ня дзейнічаюць, наадварот, толькі распальваюць іх варожасьць, што мы цяпер і назіраем.

Што гэтаму можна проціпаставіць? Толькі нашу еднасьць. Мы мусім трымацца адной пазыцыі: у нас ёсьць абраны прэзыдэнт — гэта Сьвятлана Ціханоўская — і зь ёй мы мусім змагацца за нашу мэту, за правядзеньне новых сумленных выбараў прэзыдэнта пад кантролем грамадзтва і незалежных міжнародных назіральнікаў. Калі кажуць, што гэта ўжо немагчыма, ня веру. У пачатку мінулага году сытуацыя была горшая, бо тады мы ня ведалі, што нас большасьць. А цяпер ведаем і гэта галоўнае», — лічыць Яраслаў Кот.

Хутка шлюб

У Беларусі ў Яраслава засталіся двое малых дзяцей, якія жывуць зь ягонай былой жонкай — гэтак вырашыў беларускі суд. Зь дзецьмі Яраслаў гадзінамі размаўляе па тэлефоне, пераконвае іх вучыць беларускую мову, зь якой зьвязвае вялікія надзеі ў будучай дэмакратызацыі Беларусі. Дзеці, праўда, пакуль адказваюць, што «гэтая мова ім непатрэбная». «Сапраўды ня бачаць пэрспэктыў», — прызнае Яраслаў. Але бацька верыць, што прыйдзе час і яны абавязкова ўбачацца ды будуць размаўляць па-беларуску.

Яраслаў Кот у Варшаве з будучай жонкай Лізаветай
Яраслаў Кот у Варшаве з будучай жонкай Лізаветай

Сямейнае становішча Яраслава Ката хутка зьменіцца. Ён і Лізавета, ягоная дзяўчына, якая прыехала зь ім ў Варшаву з Менск, плянуюць неўзабаве пабрацца шлюбам. Дазвол на шлюб і ўсе патрэбныя дакумэнты ўжо атрыманыя, паведаміў былы выкладчык БДУ. Яраслаў з відавочным задавальненьнем пераказвае гісторыю, як з ізалятару ва ўмовах звышпільнага кантролю умудрыўся перадаць на волю прапанову да Лізы рукі і сэрца. Але дэталі, як яму ўдалося гэта зрабіць, юрыст ўтойвае. «Раптам яшчэ каму такі шлях прыдасца».

У дзень, калі адбылася гэтая размова, Яраслаў і Лізавета сустракалі сяброў зь Беларусі, якія прыехалі на сталае жыцьцё ў Польшчу і месцам жыхарства абралі Ўроцлаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG