Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі праходзяць выбары — на тле пагаршэньня здароўя прэзыдэнта Зэмана


У траўні прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман прымаў прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча на інвалідным вазку
У траўні прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман прымаў прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча на інвалідным вазку

У Чэхіі ў пятніцу і суботу адбываюцца парлямэнцкія выбары. Галасаваньне праходзіць на тле паведамленьняў пра пагаршэньне стану здароўя прэзыдэнта Мілаша Зэмана, які нядаўна правёў больш за тыдзень у шпіталі і ня ўдзельнічаў у публічных мерапрыемствах больш як месяц.

Прэзыдэнт, хоць і мае ў Чэхіі абмежаваныя паўнамоцтвы, зьяўляецца ключавой фігурай пры фармаваньні ўраду, які павінен быць створаны пасьля выбараў. Ён, у прыватнасьці, прызначае прэм’ер-міністра. Зэман не хавае, што падтрымлівае цяперашняга прэмʼера Андрэя Бабіша. Падтрымка прэзыдэнта была адным з фактараў, які раней дазволіў Бабішу сфармаваць кабінэт, нягледзячы на адсутнасьць большасьці ў парлямэнце.

Яшчэ ў сераду чакалася, што Зэман прагаласуе ў адной са школ у Празе. Аднак пасьля візыту доктара ў чацьвер атачэньне прэзыдэнта прызнала, што ён хворы, і заявіла, што ён у бліжэйшы час ня зьявіцца на публіцы, а прагаласуе ў сваёй рэзыдэнцыі. Апазыцыя крытыкуе атачэньне прэзыдэнта за недахоп інфармацыі пра стан яго здароўя. Многія камэнтатары лічаць, што яно ў апошні час сурʼёзна пагоршылася. Мілашу Зэману 77 гадоў, ён мае шэраг захворваньняў, апошнім часам перасоўваецца на інвалідным вазку.

За перамогу на выбарах у парлямэнце змагаецца рух цяперашняга прэмʼера Андрэя Бабіша. Паводле апытаньняў, ён прэтэндуе на першае месца, але наўрад ці атрымае большасьць у парлямэнце. Галоўныя апанэнты прэмʼера — дзьве празаходнія кааліцыі: правацэнтрысцкая «Разам» і левацэнтрысцкая «Піраты і старасты». Месцы ў парлямэнце, хутчэй за ўсё, атрымаюць таксама нацыяналісты і камуністы.

Апанэнты крытыкуюць Бабіша, буйнога бізнэсоўца і мэдыямагната, за карупцыю. Сам ён цяпер пад сьледзтвам у справе аб незаконным атрыманьні для сваёй фірмы эўрапейскіх датацыяў. Таксама імя Бабіша ў сувязі з набыцьцём праз афшорную кампанію замка ў Францыі фігуруе ў так званых «Архівах Пандоры». Бабіш адмаўляе абвінавачаньні і сьцьвярджае, што яго апанэнты хочуць пазбавіць Чэхію сувэрэнітэту, падпарадкаваўшы яе Брусэлю. Пры гэтым, у адрозьненьне ад Зэмана, Бабіш не выступае з апраўданьнем палітыкі Расеі. Ягоны ўрад вясной абвінаваціў расейскіх агентаў у датычнасьці да выбуху складоў з боепрыпасамі ў Чэхіі ў 2014 годзе, што прывяло да вострага дыпляматычнага канфлікту паміж Прагай і Масквой.

Вынікі выбараў стануць вядомыя ў другой палове дня ў суботу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG