Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: за камэнтары пасьля гібелі супрацоўніка КДБ затрымалі 200 чалавек


Іван Кубракоў
Іван Кубракоў

Мяркуецца, што на людзей завялі крымінальныя справы за распальваньне варожасьці.

Міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў у этэры дзяржаўнай тэлевізіі заявіў, што за камэнтары пасьля забойства супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка па ўсёй краіне затрымалі каля 200 чалавек.

«У інтэрнэце пішуць заклікі ісьці і забіваць, ня толькі супрацоўнікаў КДБ, але і іншых грамадзян, якія маюць іншую думку. Як толькі іх затрымліваюць, усе ўспамінаюць пра свае сем’і, пра родных і блізкіх», — сказаў Кубракоў.

Ён заклікаў «аб’яднацца і жыць спакойна» і папрасіў кіраўнікоў прадпрыемстваў «давесьці да работнікаў, як трэба паводзіць сябе на вуліцы і ў інтэрнэце». Па словах Кубракова, забіты Федасюк «аддаў жыцьцё за радзіму».

6 кастрычніка на Лясных могілках у Шабанах пад Менскам пахавалі Андрэя Зельцара, які, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, застрэліў спэцслужбоўца ў сваёй кватэры пасьля таго, як КДБ выламала дзьверы. Пры гэтым улады не дазволілі ў спакойных абставінах разьвітацца з забітым Зельцарам — усе рытуальныя залі Менску адмовілі ў цырымоніі, цела проста з морга прывезьлі на могілкі.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG