Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт узгадніў праект рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі


Заля пасяджэньняў Эўрапарлямэнту
Заля пасяджэньняў Эўрапарлямэнту

Эўрапарлямэнт 6 кастрычніка ўзгадніў праект рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі, у якой асудзіў рэпрэсіі і гвалт з боку беларускага рэжыму і выказаў падтрымку для беларусаў, якія змагаюцца мірным шляхам за свабодную і дэмакратычную краіну.

У прыватнасьці, праект рэзалюцыі:

  • асуджае «рэпрэсіі супраць мірнага народу Беларусі, катаваньні і жорсткае абыходжаньне, падаўленьне сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэту, а таксама зьбіцьцё, арышт і запалохваньне журналістаў, блогераў і іншых незалежных галасоў у Беларусі»;
  • асуджае «палітычныя працэсы і жорсткія і несправядлівыя судовыя прысуды, нядаўна вынесеныя лідэрам апазыцыі Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку»;
  • «асуджае расправу ўладаў з праваабарончым цэнтрам «Вясна» і заклікае «да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленкі, Тацяны Ласіцы, Марыі Тарасенкі, Уладзімера Лабковіча і іншых супрацоўнікаў і валянтэраў „Вясны“»;
  • «асуджае рэпрэсіі і варожыя дзеяньні ўладаў супраць прадстаўнікоў польскай меншасьці і супраць польскамоўных школ у краіне; у сувязі з гэтым заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Анжалікі Борыс, журналіста Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў»;
  • «заклікае да адназначнай падтрымкі беларускай дэмакратычнай апазыцыі ў арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраньнем»;
  • «лічыць захоп і вымушаную пасадку рэйсу Ryanair FR4978 у Менску актам дзяржаўнага тэрарызму»;
  • заклікае Эўрапейскую Раду дамовіцца «аб комплексным і стратэгічным падыходзе да санкцый супраць беларускага рэжыму, які павінен уключаць пераход ад паэтапнага падыходу да больш рашучага санкцыйнага падыходу»;
  • «шкадуе, што ўведзеныя эканамічныя санкцыі толькі часткова паўплывалі на рэжым Лукашэнкі і не паўплывалі істотна на такія важныя галіны, як калій і нафтапрадукты; заклікае Эўрапейскую Раду да далейшага ўзмацненьня мэтавых эканамічных санкцый ЭЗ, засяродзіўшы ўвагу на ключавых беларускіх эканамічных сэктарах і дзяржаўных і прыватных кампаніях, якія падтрымліваюць і фінансуюць рэжым Лукашэнкі;
  • заклікае дзяржавы ЭЗ калектыўна абвясьціць службовых асобаў КДБ Беларусі на тэрыторыі Эўразьвязу пэрсонамі нон-грата;
  • «прапануе дзяржавам-чальцам ЭЗ адклікаць для кансультацый сваіх амбасадараў зь Менску ў якасьці палітычнага сыгналу рэжыму Лукашэнкі і адмовіць у акрэдытацыі беларускіх дыпляматаў у ЭЗ»;
  • падкрэсьлівае «тэрміновасьць выкрыцьця падтрымкі Расеяй гвалту Лукашэнкі над жыхарамі Беларусі, а таксама яе ўдзелу ў гібрыдных дзеяньнях рэжыму Лукашэнкі супраць ЭЗ, у тым ліку выкарыстаньня мігрантаў у палітычных мэтах»;
  • асуджае кантакты «паміж Лукашэнкам і Пуціным дзеля падрыхтоўкі дарожных мапаў для больш глыбокай інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй, у тым ліку прагрэсіўнай мілітарызацыі Беларусі, і разглядае гэта як парушэньне сувэрэнітэту Беларусі»;
  • «высока ацэньвае сыстэмную і пасьлядоўную працу беларускіх дэмакратычных сіл у Беларусі і ў эміграцыі, у прыватнасьці лідэра дэмакратычнай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва»;
  • «заклікае ЭЗ на апэратыўным узроўні ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, каб завяршыць працу па прыняцьці дарожнай мапы, накіраванай на рэалізацыю комплекснага пляну эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 млрд эўра»;
  • «заклікае разгледзець пытаньне аб перадачы беларускай справы ў Міжнародны суд на падставе Чыкагаўскай канвэнцыі, Манрэальскай канвэнцыі і Канвэнцыі супраць катаваньняў, дапушчаных Беларусьсю Лукашэнкі»;
  • «паўтарае свой заклік да стварэньня мэтавай праграмы дапамогі ЭЗ для аказаньня дапамогі грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, навуковым колам і беларускай апазыцыі ў эміграцыі, а таксама ахвярам палітычных рэпрэсій і гвалту з боку паліцыі і асобам, якія ўцякаюць ад рэпрэсіўнага рэжыму»;
  • заклікае дзяржавы-чальцоў ЭЗ «яшчэ больш палегчыць працэдуры атрыманьня візаў і месцажыхарства для тых, хто ўцякае зь Беларусі з палітычных матываў або для тых, каму патрабуецца мэдычнае лячэньне ў выніку гвалту».

Галасаваньне над праектам рэзалюцыі, пад якой падпісаліся чатыры дэпутацкія фракцыі Эўрапарлямэнту, заплянаванае на 7 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG