Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая супрацоўніца Фэйсбука раскрытыкавала сацсетку ў Кангрэсе ЗША


Былая супрацоўніца кампаніі Фэйсбук Фрэнсіс Гаўген
Былая супрацоўніца кампаніі Фэйсбук Фрэнсіс Гаўген

Былая супрацоўніца кампаніі Фэйсбук, 37-гадовая Фрэнсіс Гаўген, выступіла на спэцыяльных слуханьнях у Кангрэсе ЗША прысьвечаных дзейнасьці гэтай найбуйнейшай сацыяльнай сеткі.

За тры гады працы ў кампаніі Марка Цукербэрга яна скапіявала шэраг унутраных дакумэнтаў кампаніі. Пакінуўшы пасаду мэнэджэра па прадукцыі, яна перадала дакумэнты ўладам і прэсе.

Галоўным тэзісам крытыкі з боку Фрэнсіс Гаўген на слуханьнях былі словы пра тое, што карыстальнікі Фэйсбука плацяць сваёй бясьпекай за эканамічныя посьпехі кампаніі. Імкненьне зарабіць як мага больш прыводзіць да таго, што сацсетка прасоўвае пасты з супярэчлівым зьместам, сказала Гаўген. Паводле яе, Фэйсбук наносіць шкоду выхаваньню дзяцей, спрыяе грамадзкай варожасьці і аслабляе дэмакратыю.

«Сёньня ў ніводнага з рэгулятараў няма мэню рашэньняў, як выправіць Фэйсбук, таму што Фэйсбук не хацеў, каб яны ўведалі дастаткова аб тым, што выклікае праблемы. У адваротным выпадку не спатрэбілася б інфарматара», — сказала Гаўген кангрэсмэнам.

Сэнатар Рычард Блумэнтал, дэмакрат, заклікаў Марка Цукербэрга даць паказаньні перад сэнацкім камітэтам і правесьці расьсьледаваньне ў справе заяваў Гаўген.

«Нашы дзеці — ахвяры. Сёньняшнія падлеткі, гледзячы ў люстэрка, адчуваюць сумнеў і няўпэўненасьць. Гэта Марк Цукербэрг павінен паглядзець на сябе ў люстэрка», — сказаў Блумэнтал.

  • Колькасьць карыстальнікаў сеткі Марка Цукербэрга ва ўсім сьвеце набліжаецца да 3 мільярдаў чалавек. У сярэдзіне 2021 году капіталізацыя Фэйсбука ўпершыню перавысіла $1 трыльён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG