Зь літоўскіх лягераў уцяклі больш за 700 мігрантаў, паведаміла 4 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Знайшлі толькі 146 зь іх, перадае Delfi.
Кіраўніца МУС Агне Білатайце заявіла, што ахову ў лягерах узмоцняць.
З самага вялікага лягера ў Ру́дніках мігрантаў з прыходам халадоў перавялі ў былую калёнію ў Кіба́ртах.
4 красавіка нямецкая паліцыя заявіла, што за апошнія тры дні затрымала сотні мігрантаў на мяжы з Польшчай, паведаміла AFP.
Многія зь іх прыйшлі церазь Беларусь, лічаць у Эўразьвязе.
251 мігранта затрымалі ў Брандэнбургу, 76 — у Саксоніі, 55 у Макленбургу — Заходняй Памэраніі. Агулам — 382 чалавекі.
У канцы верасьня улады Брандэнбургу паведамілі, што цэнтры для ўцекачоў ужо перапоўненыя.
4 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 590 спробаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы.
35 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. 6 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам.
У Літве спынілі 28 спробаў, 2 мігрантаў прапусьцілі з гуманітарных прычынаў. Памежнікі ўначы чулі 5 стрэлаў пры мяжы з боку Беларусі, паведаміў Delfi.
Латвійскія памежнікі разьвярнулі на мяжы 24 мігрантаў.