Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Нацыянальнага опэрнага тэатру звольніўся яшчэ адзін ляўрэат міжнародных конкурсаў


Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры і балету ў Менску
Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры і балету ў Менску

Саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Павал Пятроў сышоў з калектыву разам з жонкай. Тэатар працягвае губляць сваіх найлепшых прадстаўнікоў, вядомых далёка па-за межамі Беларусі.

Інфармацыю пра сваё звальненьне з тэатру Павал Пятроў пацьвердзіў Zerkalo.io. Разам з Паўлам з калектыву сышла і ягоная жонка, музыкант Дар’я Шлык, якой не працягнулі кантракт. Па словах Паўла, ён напісаў заяву аб сыходзе па ўласным жаданьні.

«У апошні час я працаваў у Опэрным на 0,25 стаўкі. Пра гэта мы дамовіліся яшчэ з папярэднім дырэктарам Аляксандрам Пятровічам. Цяпер я часьцей выступаю за мяжой, таму, прыехаўшы ў Менск, напісаў заяву аб адпачынку за ўласны кошт. Мне яе не падпісалі, хоць юрыдычна такая магчымасьць існавала».

Павал Пятроў скончыў Акадэмію музыкі (кляса народнага артыста Беларусі Пятра Рыдзігера). Чатыры гады працаваў у хоры Музычнага тэатру. З 2012 году — саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі — на той момант Павал вучыўся яшчэ на другім курсе. Ляўрэат шматлікіх конкурсаў, якія праходзілі ў Аўстрыі, Латвіі, Расеі, Польшчы і Малдове.

У 2018 годзе Пятроў перамог у прэстыжным конкурсе Operalia ў Лісабоне, які праходзіць пад кіраўніцтвам сусьветна вядомага сьпевака Плясіда Дамінга.

Апошнія гады Пятроў працуе ў трупе Опэрнага тэатру Грацу ў Аўстрыі. Да нядаўняга часу ён працягваў выступаць і ў Менску.

Што адбываецца ў Опэрным?

Сыход Пятрова — далёк ня першае звальненьне з тэатру ў апошнія месяцы, многія зь іх мелі палітычныя перадумовы і матывы. Масавы зыход зорак беларускага мастацтва з тэатра працягнуўся найбольш інтэнсіўнымі тэмпамі пасьля прызначэньня 12 траўня дырэктарам тэатру Вячаслава Гарбузава, дзяржаўнага ідэоляга і актывіста БРСМ, які да 2017 году ня меў дачыненьня да мастацкай галіны, а ў тым годзе адразу быў пастаўлены кіраўніком Берасьцейскага тэатру драмы.

За мінулы і гэты сэзоны з Нацыянальнага тэатру опэры і балету звольнілі дырыгентаў Вячаслава Чарнуху-Воліча і Андрэя Галанава, сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова. Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай.

Некалькі чалавек сышлі па ўласным жаданьні — у тым ліку, адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэры Дар’я Пататурка і Алена Медзякова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG