Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі затрымалі былога прэзыдэнта Саакашвілі


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Прэм'ер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі заявіў, што Міхэіл Саакашвілі арыштаваны ў Грузіі. Пра гэта паведаміў з Тбілісі карэспандэнт Радыё Свабода.

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі паведаміў раней сёньня, што вярнуўся ў краіну. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Супраць Саакашвілі на радзіме вынесеныя прысуды па крымінальных справах.

Паводле слоў прэм'ера, Саакашвілі ўжо перавезены ў пэнітэнцыярную установу.

«У нашых праваахоўных структураў загадзя была інфармацыя пра яго перамяшчэньні — ад Украіны да Грузіі», — сказаў прэм’ер.

  • Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, адразу пасьля гэтага супраць яго распачалі чатыры крымінальныя справы. Ён у вышуку, яму вынесьлі шэраг прысудаў — праз абвінавачаньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэды» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, а таксама ў арганізацыі нападу на дэпутата Валеры Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні і растраце дзяржаўных сродкаў у 2009–2012 гадах.
  • У 2018 годзе палітык па частцы гэтых спраў быў завочна асуджаны на тры гады турмы. Пазьней у 2018 годзе Генэральная пракуратура Грузіі таксама абвінаваціла Саакашвілі ў датычнасьці да забойства Патаркацышвілі.
  • У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства па ўказе папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнкі і Саакашвілі разладзіліся, і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб наданьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімір Зяленскі, пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
  • 7 траўня сёлета прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком Выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе Саакашвілі адпрацаваў менш за паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG