Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень нараджэньня Зьмітра Сідаровіча; год таму — ЭЗ увёў санкцыі супраць 49 беларускіх чыноўнікаў


Першая старонка новага выданьня паэмы Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра», ажыцьцёўленага горадзенскім мастаком-графікам Юрыем Якавенкам
Першая старонка новага выданьня паэмы Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра», ажыцьцёўленага горадзенскім мастаком-графікам Юрыем Якавенкам

Падзеі 2 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

Пад 2 кастрычніка 1323 году зафіксавана першая пісьмовая згадка Вільні — у лісьце вялікі князь літоўскі Гедзімін называе горад сваім «стольным градам».

Год таму ў гэты дзень

  • ЭЗ увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
  • Вашынгтон увёў санкцыі супраць 8 беларускіх афіцыйных асоб.
  • МЗС Беларусі анулявала акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІ.
  • Менск увёў візавыя санкцыі супраць «найбольш перадузятых і ангажаваных у дачыненьні да Беларусі прадстаўнікоў Эўразьвязу».
  • За «дэструкцыйную дзейнасьць» Беларусь запатрабавала ад Польшчы і Літвы скараціць колькасьць дыпляматаў.

Таксама ў гэты дзень

1413 — была заключана Гарадзельская унія Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім, якая надала беларуска-літоўскай шляхце палітычныя правы.

1523 — у кракаўскай друкарні на лацінскай мове выйшаў зборнік Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра», які складаўся з прысьвячэньня каралеве Боне Сфорцы, уласна паэмы і 11 вершаў.

1870 — Рым стаў сталіцай аб’яднанай Італіі.

1930 — у Горадні надрукаваны першы нумар часопіса «Беларуская думка».

1990 — выйшаў першы нумар газэты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь «Народная газета».

У гэты дзень нарадзіліся

1819 — Аляксандар Незабытоўскi, беларускі і польскі пісьменьнік.

Кароткай ліпеньскай ноччу 1847 году на мяжы Аўстрыі й Расеі каля мястэчка Радзівілава мясцовы прыстаў перахапіў фурманку з трыма мяхамі кантрабанды. Выпадак можна было б запісаць у разрад банальных, каб, апрача звычайных тавараў, царскія служакі не знайшлі кніг і рукапісаў, дзе раз-пораз сустракалася прозьвішча абшарніка Аляксандра Незабытоўскага, які напярэдадні перасек мяжу, вяртаючыся з падарожжа па Эўропе ў свой маёнтак пад Нясьвіжам.

Справаю ўладальніка незвычайнае кантрабанды неадкладна заняўся сам начальнік дзейнай арміі генэрал-фэльдмаршал Паскевіч. Зь ягонай канцылярыі выйшаў адрасаваны віленскаму генэрал-губэрнатару ліст аб тым, што затрыманыя паперы выкрываюць Незабытоўскага ў «лютой ненависти» да ўраду і намеры ўзбунтаваць «западные провинции», каб адарваць іх ад імпэрыі.

Аляксандар апынуўся ў адзіночнай камэры № 13 колішняга віленскага дамініканскага кляштару. Наглядчыкам забаранілі размаўляць зь вязьнем, што, паводле чутак, напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта была праўда: пяру Незабытоўскага, які ў творах пасьлядоўна называў сябе ліцьвінам, належала сем ананімна выдадзеных у Вільні й Парыжы кніг, у тым ліку ўспаміны пра вызвольнае паўстаньне 1831 году і раман-утопія «Мары пра каханьне, славу й свабоду».

Мяноўна за два апошнія творы малады пісьменьнік, філёзаф і гісторык атрымаў ад царскага правасудзьдзя пазбаўленьне шляхецкіх правоў і дваццаць гадоў катаргі. Так судзілі самых небясьпечных дзяржаўных злачынцаў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 46–47.

1828 — Міхаіл Каяловіч, гісторык, грамадзкі дзеяч, адзін з родапачынальнікаў ідэалёгіі «заходнерусізму».

1869 — Махатма Гандзі, ідэоляг і адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху Індыі.

1904 — Грэм Грын, ангельскі пісьменьнік, драматург і літаратурны крытык.

1961 — Сяргей Шупа, беларускі перакладнік і журналіст.

1965 — Зьміцер Сідаровіч, беларускі музыка, дудар, лідэр гурту «Камэлот», аўтар і выканаўца песень, зьбіральнік фальклёру, навуковец. Памёр 17 траўня 2014 году.

Вы ведаеце, што такое Камэлот? Так, слушна, гэта замак караля Артура, дзе знаходзіўся ягоны круглы стол, за якім зьбіраліся найвядомейшыя рыцары Эўропы. Але ўсьлед за гэтым чалавек, абазнаны ў нашай сучаснай музыцы, адразу скажа: а яшчэ «Камэлот» — папулярны ў першай палове 1990-х этна-рок-гурт.

Яго лідэрам быў Зьміцер Сідаровіч, асоба, што спалучала ў сабе рэчы амаль несумяшчальныя. Атрымаўшы дыплём Беларускага політэхнічнага інстытуту, інжынэр-будаўнік Сідаровіч абараніў дысэртацыю й да апошняга працаваў па спэцыяльнасьці, але заўсёды пісаў песьні.

У сярэдзіне 1980-х, пасьля паездкі на Беласточчыну і сустрэч з тамтэйшымі беларусамі, ён, ужо даволі вядомы бард, перайшоў на нашую мову і праславіўся немудрагеліста-шчыраю песьняй «Які ж я беларус?», якую натхнёна сьпявала ўся адраджэнская моладзь: Які ж я беларус, / скажыце мне, панове, / калі я гавару паўсюль на рускай мове?…

Але ён быў створаны для песьняў іншага кшталту. Зьмітра вабілі Сярэднявечча, Вялікае Княства Літоўскае, вольны дух рыцарства. Разам з такімі ж маладымі музыкамі Ігарам Войнічам, Валянцінам Агеевым і Алесем Кішкіным, які захапляўся Толкінам, што было якраз у тэму, Зьміцер і стварыў «Камэлот».

Яны гралі выключна акустычную музыку — на гітарах, флейтах, бубнах, віялянчэлі, скрыпках, клявэсіне, дудзе, чэлесьце… Заплюшчыўшы на канцэрце вочы, можна было ўявіць, што ты ў віленскім вялікакняскім палацы Жыгімонта Аўгуста.

«Камэлот» выпусьціў усяго адзін альбом «У Краіне талераў», затое песьні зь яго хутка пачалі ўспрымацца як сучасныя апрацоўкі старадаўніх народных, створаных у асяродзьдзі жаўнераў або месьцічаў — «Грай, дудар!», «А дзе ж тыя ваяры?», «Ясна панна мая».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 662–663.

У памяці

1800 — Мацей Радзівіл, драматург, кампазытар.

1892 — Эрнэст Рэнан, францускі пісьменьнік, гісторык і філёляг

1924 — Аляксей Сапуноў, гісторык, археограф, краязнаўца.

1968 — Аляксей Глебаў, беларускі скульптар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG