Лукашэнка сказаў 1 кастрычніка, што 28 верасьня сілавікі не праводзілі якой-колечы сурʼёзнай спэцапэрацыі.
«Хлопцы адпрацоўвалі вялізны раён паводле апэратыўнай інфармацыі, атрыманай раней, на прадмет прыналежнасьці асобных людзей да спробы тэрарызму».
Да 14-й гадзіны, калі прыйшлі на адрас Зельцара, затрымалі нямала людзей.
«Яны цяпер даюць паказаньні. Мы зараз іх усіх вам пакажам. Яны бірку напісалі — „Рабочы рух“. Вось гэтых „рухавікоў“ мы пачалі паказваць і будзем усіх іх вам выкладваць, каб вы зразумелі, што гэта за „рабочы рух“», — сказаў Лукашэнка.
«Людзі заходзяць, каб мярзотнікам дапамагчы, якія пазванілі з гэтай кватэры»
Раней ініцыятыва ByPol паведамляла, што з кватэры Зельцара двойчы званілі на 102 і казалі, што невядомыя ломяцца ў дзьверы. 29 верасьня Рыгор Азаронак на СТВ інтэрпрэтаваў гэтыя факты такім чынам, што Зельцар з жонкай самі выклікалі на сябе міліцыю і чакалі яе са стрэльбай і запушчанай на запіс відэакамэрай. Цяпер упершыню агучаную Азаронкам вэрсію разьвіў Лукашэнка.
Ён сказаў, што падчас працы групы сілавікоў тыя атрымалі інфармацыю зь дзяжурнай часткі міліцыі, «маўляў, там дзе вы працуеце, пазванілі з кватэры, просяць дапамогі, нешта там здарылася».
«Цяпер мы можам меркаваць, чаму раздаўся званок. Ну, хлопцы паглядзелі, што і гэты адрас ёсьць, просяць дапамогі, нешта там здарылася. І яны як добрыя славяне, добрыя беларусы рынуліся туды, да гэтай кватэры. Грукаюць — ніхто не адчыняе. Раздаецца другі званок пра дапамогу ў гэты ж аддзел міліцыі», — сказаў Лукашэнка.
«Ускрываюцца дзьверы, людзі заходзяць, каб дапамагчы, мярзотнікам дапамагчы, якія пазванілі з гэтай кватэры».
«А тое, што яны ў гэты час рабілі, вы таксама бачылі».
«Яны трансьлявалі туды, у Польшчу, Амэрыку, гэтыя кадры»
«Яны рыхтаваліся да здымкі. Ніхто не зьбіраўся там гінуць. Трэба было паказаць здымку, і ў рэальным рэжыме часу (гэта таксама ўжо вядома) яны трансьлявалі туды, у Польшчу, Амэрыку, гэтыя кадры», — заявіў Лукашэнка.
«Самы сапраўдны ўдзельнік мяцяжу»
Лукашэнка таксама сказаў, што кватэра належала брату Марыі Ўсьпенскай, жонкі Андрэя Зельцара.
«І сёньня абсалютна дакладна нам вядома, што гэта ня проста актыўны ўдзельнік пратэставага, як мы мякка кажам, а самы сапраўдны ўдзельнік мяцяжу, у тым ліку і гэты айцішнік», — заявіў Лукашэнка.
«Паміраючы, з двух стрэлаў Дзьмітры расстраляў забойцу»
Лукашэнка таксама заявіў, што афіцэр КДБ Дзьмітры Федасюк забіў Андрэя Зельцара ўжо пасьля сьмяротнага раненьня.
«Дзіма апярэдзіў іншых, прыкрываючы групу, забег у кватэру першым. „Зброю на падлогу!“ Замест гэтага яму страляе ў сэрца. Паміраючы, з двух стрэлаў Дзьмітры расстраляў забойцу».
«Хлопцы не хацелі лішні раз, як яны кажуць, сьвяціцца, баронячы людзей»
Лукашэнка таксама патлумачыў, чаму сілавікі былі бяз формы і бронекамізэлек.
Паводле яго, такім чынам яны не хацелі хваляваць людзей, якія дрэнна рэагуюць на зьяўленьне на вуліцах супрацоўнікаў у поўным рыштунку. Таму праверкі, падчас якіх яны адпрацоўвалі апэратыўную інфармацыю, вяліся ў цывільным адзеньні.
«Што на гэта сказаць? Цяжка іх за гэта асудзіць. Проста хлопцы не хацелі лішні раз, як яны кажуць, сьвяціцца, баронячы людзей», — сказаў Лукашэнка.
«Ужо некалькі соцень сядзяць»
Лукашэнка заявіў, што спэцслужбы выявілі ячэйкі «Рабочага руху» з 2–12 чалавек.
«Гэта звычайныя „ігілаўскія“ ячэйкі эўрапейскага разьліву на тэрыторыі Беларусі», — заявіў ён і дадаў, што КДБ выявіў «прамыя кантакты з спэцслужбамі ЗША і перш за ўсё ФБР».
Ён сказаў, што і надалей сілавікі будуць выбарачна «адпрацоўваць розных людзей, розныя арганізацыі і розныя варыянты».
«У нас хопіць розуму, каб кропкава разабрацца з кожным нягоднікам», — заявіў Лукашэнка.
«Ужо некалькі соцень сядзяць. Акрэсьціна свабоднае, цяпер там знаходзяцца. Усё расказваюць».
«І Сергеенка правільна сказаў: ня трэба прыбіраць з гэтых чатаў і іншае — позна. Усе акаўнты ў нас на руках. Мы бачым, хто чаго варты.
І калі мярзотнікі кшталту цапкалаў і іншых думаюць, што мы іх не дастанем за мяжой, яны памыляюцца. Мы не даруем гібель гэтага хлопца», — заявіў Лукашэнка.