Апякунства Джэймса Сьпірса доўжылася 13 гадоў — з 2008 году. Тады сьпявачку прызналі часткова недзеяздольнай з прычыны праблем з наркотыкамі і душэўнага нездароўя. Джэймс Сьпірс мог аднаасобна распараджацца маёмасьцю дачкі, якая ацэньваецца ў 60 мільёнаў даляраў.
У сераду судзьдзя Брэнда Пэні задаволіла заяву сьпявачкі і яе адваката, якія прасілі адхіліць Джэймса Сьпірса ад апякунства. У судовым рашэньні сказана, што апека бацькі, супраць якой пярэчыла дачка, стварала «таксычную атмасфэру».
У чэрвені Брытні Сьпірс выступіла на судовым пасяджэньні супраць апекі з боку свайго бацькі. Яна адзначыла, што адчувае сябе няшчаснай і пазбаўленай асабістых і фінансавых правоў. Акрамя таго, паводле сьпявачкі, яна хацела б выйсьці замуж і нарадзіць дзіця, але яе апякун супраць гэтага. Сьпявачка расказала, што той прымушае яе працаваць супраць яе волі, прымаць моцныя лекі і выкарыстоўваць супрацьзачаткавыя сродкі.
У сацыяльных сетках была разгорнутая кампанія Free Britney («Свабоду Брытні») у падтрымку сьпявачкі. СМІ паведамлялі, што сам Джэймс Сьпірс вырашыў адмовіцца ад ролі апекуна і падаў адпаведную заяву ў суд.
Суд прызначыў часовым апекуном сьпявачкі яе мэнэджара Джодзі Мантгомэры. Чакаецца, што ўжо ў лістападзе суд можа канчаткова адмяніць апеку над Брытні Сьпірс.