Мігранцкі крызіс: Літва пачала будаваць 100 км агароджы на мяжы зь Беларусьсю, Польшча спыніла 313 мігрантаў

Калючы дрот на мяжы Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйная выява
Калючы дрот на мяжы Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйная выява

Літва пачала будаваць агароджу на літоўска-беларускай мяжы працягласьцю 100 кілямэтраў. Польскія памежнікі не дазволілі пераступіць польска-беларускую мяжу больш як 300 мігрантам. Беларускія памежнікі спынілі вяртаньне ў Беларусь 10 мігрантаў.

Літва пачала будаваць агароджу са cьпіральнай калючай стужкі тыпу Concertina на літоўска-беларускай мяжы, паведаміла памежная служба Міністэрства ўнутраных справаў Літвы. Загарода будзе даўжынёй 100 кілямэтраў, вышынёй каля 4 мэтраў.

Будаўніцтва пачынаецца каля Друскенікаў. Туды ўжо завезьлі будаўнічую тэхніку. Скончыць будоўлю плянуюць налета да красавіка.

Пазьней плянуюць усталяваць на літоўска-беларускай мяжы яшчэ адзін адрэзак агароджы, працягласьцю 400 кілямэтраў. Работы маюцца скончыць у наступным верасьні.

Камісію, што будзе назіраць за гэтым праектам, узначальвае прэм’ер-міністар Літвы, у яе таксама ўваходзяць міністры ўнутраных спраў, энэргетыкі, нацыянальнай абароны, навакольнага асяродзьдзя і фінансаў, прадстаўнікі Міністэрства прыроды.

29 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 313 спробаў нелегальна перайсьці польска-беларускую мяжу , паведаміла Польская памежная служба. Затрымалі пяць мігрантаў: чацьвёра іракцаў і аднаго емэнца. Іншыя спробы перайсьці мяжу памежнікі спынілі. Таксама затрымалі двух памочнікаў мігрантаў: грамадзян Балгарыі і Сырыі зь нямецкім відам на жыхарства.

Трое мігрантаў з Сырыі, якіх у ноч на 29 верасьня знайшлі ў багне ў Любельскіх Тарасюках у Польшчы, зьвярнуліся па міжнародную абарону, расказалі ў памежнай службе Польшчы. Іхную заяву прынялі. Пакуль мігрантаў накіруюць на 10-дзённы карантын.

Гэта жанчыны 18 і 31 года і 20-гадовы мужчына. Іх ратавалі 5 пажарных атрадаў, у тым ліку вадалазная група. Людзі былі зьнясіленыя і зь пераахаладжэньнем. Іх шпіталізавалі ў лякарню ва Ўладаве. Як яны дабраліся да Тарасюкоў, невядома.

Тым часам беларускія памежнікі паведамілі, што 28 верасьня каля Браслаўскага раёну не дазволілі выцесьніць 10 уцекачоў «азіяцкай зьнешнасьці» зь Літвы ў Беларусь цераз раку, па якой праходзіць мяжа. Беларускія памежнікі адзначылі, што ахоўваюць мяжу ва ўзмоцненым рэжыме.

​
XS
SM
MD
LG