Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Тунісу ўпершыню ўзначаліла жанчына


Наджла Будэн Рамдан
Наджла Будэн Рамдан

Прэзыдэнт Тунісу Каіс Саід даручыў сфармаваць новы ўрад краіны Наджле Будэн Рамдан. Яна стала першай у гісторыі Тунісу жанчынай-прэм’ерам.

Упершыню ў гісторыі краіны гэтую пасаду заняла жанчына, перадае DW.

Праз два тыдні пасьля роспуску папярэдняга ўрада Саід даручыў Рамдан «як мага хутчэй» сфармаваць новы кабінэт, гаворыцца ў заяве офісу кіраўніка дзяржавы, апублікаванай у сераду, 29 верасьня.

Зьвяртаючыся да новага прэм’ера, Каіс Саід папрасіў прадставіць прапановы па складзе ўраду «ў наступныя гадзіны або дні». Ён адзначыў, што галоўная задача будучага ўраду — «пакласьці канец карупцыі і хаосу, якія распаўсюдзіліся ў многіх дзяржаўных установах». Пры гэтым прэзыдэнт назваў вылучэньне Рамдан на пасаду прэм’ер-міністра «вялікім гонарам для Тунісу і туніскіх жанчын».

Да прызначэньня на пасаду прэм’ера Рамадан кіравала рэалізацыяй праекту рэформы вышэйшай адукацыі ў Тунісе, а таксама працавала на кіроўных пасадах у Міністэрстве адукацыі, піша агенцтва AFP.

Урадавы крызіс у Тунісе

25 ліпеня Каіс Саід абвясьціў аб прыпыненьні працы парлямэнту — спачатку на 30 дзён, пазбавіўшы дэпутатаў імунітэту, і адправіў у адстаўку прэм’ер-міністра Хішама Машышы, міністра абароны Брахіма Бэртаджы, а таксама в. а. міністра юстыцыі Хасну бен Слімані. Сьпікер парлямэнту і лідэр кіроўнай партыі «Ан-Нахда» («Адраджэньне») Рашыд Ганнушы ў адказ заявіў аб «перавароце» і заклікаў жыхароў Тунісу да пратэстаў.

Тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы буйных гарадоў Тунісу 25 ліпеня. Яны выступалі супраць палітыкі кіроўнай партыі, патрабавалі роспуску парлямэнту, зьмены палітычнага рэжыму, а таксама прыцягненьня да адказнасьці тых, хто, на іх думку, вінаваты ў правалах у барацьбе з пандэміяй COVID-19. Падобныя выступы прайшлі ў гэты дзень у сталіцы краіны — Тунісе, — а таксама ў Гафсе, Кайруане, Манастыры, Сусе і Таўзары.

На гэтым фоне Каіс Саід звольніў некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў ураду. У той жа час цэлы шэраг праціўнікаў і крытыкаў прэзыдэнта затрымалі або зьмясьцілі пад хатні арышт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG