Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Натальлі Хершэ напісаў, што разрывае зь ёй адносіны


Натальля Хершэ ў судзе, сьнежань 2020
Натальля Хершэ ў судзе, сьнежань 2020

Швайцарка, палітзьняволеная Натальля Хершэ паведаміла ў лісьце, які сёньня атрымаў брат, што яе муж Робэрт вырашыў разарваць зь ёю адносіны.

Ён паведаміў Натальлі, што «ня можа вытрымаць разлукі і разрывае нашы адносіны».

«Канечне, мне патрэбен час, каб прывесьці свае пачуцьці ў стан спакою, але вялікай трагедыі стараюся з гэтага не рабіць. Яго можна зразумець, і асуджаць яго я не зьбіраюся, — піша Натальля. — Іншым разам мы ня можам паўплываць на абставіны жыцьця, застаецца толькі прыняць іх з удзячнасьцю. Так, гэта ўсё зьвязана з духоўнай працай над сабой. Дык, а для чаго тады турма, калі не менавіта для гэтага».

У лісьце Натальля паведамляе, што яе пераводзяць у магілёўскую турму.

Таксама яна піша пра сваю праблему: у зьняволеньні ў яе пачалі выпадаць валасы. Яна просіць, каб брат даслаў прэпарат «Амэга-3», які трэба прымаць пастаянна. Яна піша, што ў гэтай праблемы ёсьць дзьве прычыны: недахоп жалеза, якое Натальля не прымала са студзеня, і гарманальнае парушэньне. Яна спадзяецца трапіць да лекара.

«Усё гэта так марудна і з такімі цяжкасьцямі. Мае валасы сталі такімі тонкімі за адзін год, што іншым разам іх цяжка нават заўважыць. А яшчэ і выпадаюць», — піша Натальля.

Натальля просіць брата даслаць ёй вітаміны і «Амэга-3» на новае месца яе ўтрыманьня — у магілёўскую турму.

«Я думаю, варта падрыхтаваць сябе да наступнага году знаходжаньня ў турме (маральна), наогул, я і гатовая, іншага выйсьця няма».

Хто такая Натальля Хершэ:

7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».

На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.

На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.

У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.

За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.

Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.

Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.

Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.

51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG