Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Imaguru: 58% беларускіх стартапаў зьехалі з краіны


Тацяна Марыніч, заснавальніца і кіраўніца стартап-хаба Imaguru
Тацяна Марыніч, заснавальніца і кіраўніца стартап-хаба Imaguru

Толькі 4% стартапаў лічаць, што ніякіх прычынаў пакідаць Беларусь няма. Разам з тым шмат якія ІТ-спэцыялісты гатовыя вярнуцца ў Беларусь пасьля дэмакратычных зьменаў у палітыцы.

Экасыстэма стартапаў Беларусі перажывае глыбокі крызіс, а некаторыя яго наступствы ўжо непапраўныя, або для выпраўленьня становішча спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі. Да такіх высноў прыйшлі экспэрты Imaguru ў справаздачы аб жыцьці беларускіх стартапаў пасьля прэзыдэнцкай электаральнай кампаніі 2020 году, піша Belbiz.

Экспэрты правялі апытаньне беларускіх стартапаў: пыталіся пра іх дзейнасьць, выніковасьць і пэрспэктывы ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу ў Беларусі, выкліканага выбарамі мінулага году і падзеямі, зьвязанымі зь імі.

За аб’ект дасьледаваньня ўзялі базу дадзеных стартап-хабу Imaguru і аксэлератара TechMinsk. Апытвалі стартапы, у якіх хаця б адзін з заснавальнікаў з дамінуючай доляй — беларус. На 41 пытаньне анкеты адказалі прадстаўнікі 220 стартапаў.

Асноўныя высновы дасьледаваньня:

  • Палітычны крызіс у Беларусі нэгатыўна паўплываў на працу пераважнай большасьці стартапаў. Менск перастаў быць цэнтрам «экасыстэмы», каманды працуюць дыстанцыйна;
  • Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы адзначаюць рэлякацыю бізнэсу (52%), зьмяненьне плянаў і дадатковыя выдаткі (45%), пагаршэньне доступу да зьнешняга фінансаваньня (32%), пагрозы разьвіцьцю бізнэсу (28,5%), зьніжэньне эфэктыўнасьці працы каманды (27%);
  • 58% беларускіх стартапаў зьехалі зь Беларусі, і толькі 4% адзначылі, што ня бачаць прычын для пераезду, бо іх усё задавальняе;
  • Чвэрць заснавальнікаў не плянуюць вяртацца ў Беларусь. Для астатніх асноўная ўмова вяртаньня — дэмакратычныя перамены;
  • 70% стартапаў лічаць, што наступствы крызісу працягнуцца і пасьля 2023 году;
  • Большасьць беларускіх стартапаў маюць кампаніі за мяжой. Кожны трэці стартап падняў інвэстыцыі ў крызісны пэрыяд;
  • Толькі 3% стартапаў плянуюць прыцягваць грошы ў наступным годзе ад беларускіх інвэстараў.

Заснавальнік групы кампаній Belbiz і стартап-хабу Imaguru Тацяна Марыніч назвала рэлякацыю прадстаўнікоў тэхнічных стартапаў галоўным трэндам апошняга году ў індустрыі. Яна лічыць, што гэта дрэнна для эканомікі, да таго ж гэта зьніжае эфэктыўнасьць працы камандаў. Але ёсьць і пазытыўныя пэрспэктывы для маладых супрацоўнікаў.

«Я ўпэўненая, што вельмі многія стануць расьці нават хутчэй і якасьней, чым калі б яны засталіся ў Беларусі. Многія вернуцца, калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя зьмены, з набытым вопытам, інвэстыцыямі, міжнароднымі бізнэс-партнэрамі. Гэта будзе калясальны ўнёсак у новую беларускую эканоміку. Так, існуюць сур’ёзныя рызыкі, што вернуцца ня ўсе. Каб мінімізаваць гэта, важна выбудоўваць альтэрнатыўную інфраструктуру падтрымкі беларускіх стартапаў за мяжой, працягваючы будаваць супольнасьць онлайн і разьвіваючы такія хабы, як Imaguru, у тых краінах, дзе больш за ўсё беларускіх IT-спэцыялістаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG