Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідэальны шторм». Эўрапейскія СМІ — пра тое, чаму растуць рахункі за газ і хто ў гэтым вінаваты


Каціроўкі газу на гандлёвых пляцоўках Эўропы б’юць рэкорды і ўпэўнена ідуць уверх. Яшчэ крыху — і кошт 1000 кубамэтраў газу можа дасягнуць пікавых 1000 даляраў

Пакуль гэтага не адбылося, але наперадзе зіма, а значыць, попыт на паліва будзе расьці, бо эўрапейскія газасховішчы стаяць паўпустыя. Для СМІ краінаў Эўропы тэма кошту паліва выходзіць у топ навінаў.

Агляд загалоўкаў публікацыяў прапануе тэлеканал «Настоящее время».

«Ідэальны шторм — спажываньне расьце, а пастаўкі скарачаюцца», — DW (Нямеччына)

«Цана на газ рэзка рванула ўверх», — Česká televize (Чэхія)

«Энэргетычны крызіс ва ўсім Эўразьвязе», — La Sexta (Іспанія)

«Газ у Польшчы падаражэе, да таго ж моцна. І гэта будзе ўжо трэцяе падвышэньне цэнаў сёлета. Для тых, хто ацяпляе дамы з дапамогай газу, зіма будзе вельмі дарагая», — TVN24 (Польшча)

«Сярэднясутачныя тарыфы на электрычнасьць у Гішпаніі пабілі чарговы рэкорд», — AI (Гішпанія)

«Вялізныя рахункі турбуюць італьянцаў», — TGCom 24 (Італія)

«Кожная сямʼя будзе плаціць па рахунках за газ і электрычнасьць на 500 эўра больш», — La7Attualità (Італія)

Самы дарагі газ у Эўропе — па-за межамі ЭЗ, у Вялікай Брытаніі. Там асьцерагаюцца ня толькі касьмічных рахункаў за сьвятло, але і дэфіцыту харчовых тавараў.

«Ад каляднай індычкі, магчыма, давядзецца адмовіцца. З прычыны падаражэньня газу рэзка скарацілася прамысловая вытворчасьць дыяксіду вугляроду. А яго выкарыстоўваюць для забою жывёл», — Channel 4 (Вялікая Брытанія)

Падаражэньню газу спрыяе яго дэфіцыт, і мэдыя дапускаюць, што Расея сьвядома скараціла пастаўкі, каб зрабіць ціск на Эўропу.

«Ужо даўно існуюць падазрэньні, што Расея не пастаўляе дастаткова газу ў Эўропу з палітычных меркаваньняў», — Bloomberg (ЗША)

«Расея пастаўляе менш газу ў Эўропу, такім чынам падвышаючы попыт і цэны», — Sky News (Вялікая Брытанія)

«Цяпер, перад пачаткам зімы, Расея дае Эўропе зразумець, што можа выклікаць энэргетычны крызіс», — TVP Info (Польшча)

Расейскія мэдыя падобныя абвінавачваньні адкідаюць як недарэчнасьць. Паводле іх вэрсіі, у падаражэньні газу вінаватыя дрэннае надворʼе і... Украіна.

«Нібыта ў крызісе вінаваты расейскі газ, у прыватнасьці, і Расея наогул. І гэта, вядома, незразумела», — Россия-1 (Расея)

«Цэны падагравае халодная восень, высокі попыт у Азіі, дрэнны стан украінскай газатранспартнай сыстэмы», — 1 канал (Расея)

Дарэмна эўрапейцы рабілі стаўку на «зялёную» энэргетыку, залежную ад надворʼя, адзначаюць расейскія СМІ. І нагадваюць: хутчэйшы запуск «Паўночнага патоку — 2» мог бы ўратаваць Эўропу ад дэфіцыту газу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG