Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Талібан» адправіў тысячы байцоў-сьмяротнікаў ў памежную з Таджыкістанам правінцыю


Падразьдзяленьне сьмяротнікаў, створанае талібамі ў правінцыі Бадахшан, 24 верасьня 2021
Падразьдзяленьне сьмяротнікаў, створанае талібамі ў правінцыі Бадахшан, 24 верасьня 2021

Рух «Талібан», які пасьля захопу ўлады ў Афганістане абвясьціў аб стварэньні Ісламскага Эмірату Афганістан, накіраваў у апошнія дні вайсковыя падразьдзяленьні ў правінцыю Тахар «для ліквідацыі пагроз бясьпекі і іншых патэнцыйных пагроз».

Пра гэта паведамляе Радыё Азатык.

Таджыцкія ўлады лічаць, што гэтыя весткі «трохі перабольшаныя», аднак заяўляюць, што яны «кантралююць дзеяньні экстрэмісцкіх груповак з таго боку мяжы».

Прадстаўнік «Талібану» Забіхула Муджахід апублікаваў 25 верасьня на сваёй старонцы ў Твітэры фатаграфіі вайсковых машын і людзей у вайсковай форме, удакладніўшы, што «дзясяткі тысяч байцоў спэцназу Арміі Мансуры Ісламскага Эмірату былі дысьлякаваныя ў Тахар, каб ліквідаваць патэнцыйныя пагрозы бясьпекі і іншыя выклікі». Тахар мяжуе з Хатлонской вобласьцю Таджыкістану.

Армія Мансуры Ісламскага Эмірату ў асноўным складаецца з тэрарыстаў-сьмяротнікаў. На мінулым тыдні талібы абвясьцілі пра ўвод гэтых войскаў у правінцыю Бадахшан.

Таджыкістан — адзін зь нямногіх суседзяў Афганістану, які адкрыта заявіў, што не прызнае ўрад Талібану, «сфармаваны шляхам прыгнёту». Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон неаднаразова крытыкаваў талібаў за іх дзеяньні і ігнараваньне правоў таджыкаў у Афганістане. Улады Таджыкістану таксама ня ўтойваюць сваёй падтрымкі Фронту супраціву, адзінай сілы, якая супрацьстаіць талібам у правінцыі Панджшэр. Таму некаторыя экспэрты зьвязваюць дзеяньні талібаў на таджыцкай мяжы з пазыцыяй Таджыкістану.

26 верасьня адзін з прадстаўнікоў таджыцкіх памежных войскаў на ўмовах ананімнасьці сказаў, што паведамленьні пра «тысячы вайскоўцаў» выклікаюць трывогу, але яны ўважліва сочаць за тым, што адбываецца на другім баку мяжы.

«Наколькі нам вядома, тысячы не прыбылі, але калі нават дзесяць чалавек зьбяруцца разам, мы прымем гэта як пагрозу і будзем напагатове. Нашы памежнікі не паддаюцца страху і хлусьлівым паведамленьням і будуць дзейнічаць у адпаведнасьці з рэальнасьцю», — сказаў памежнік.

Яшчэ раней таджыцкія ўлады заяўлялі, што яны атрымалі інфармацыю пра тое, што некаторыя падкантрольныя талібам бандфармаваньні, якія складаюцца з таджыкаў і каўказцаў, гатовыя да ўварваньня ў Таджыкістан. «Талібан» тады адхіліў гэтыя паведамленьні, заявіўшы, што ні адной групе ня будзе дадзены дазвол увайсьці з тэрыторыі Афганістану на зямлю суседніх дзяржаў.

  • Працягласьць мяжы Таджыкістану з Аўганістанам складае больш за 1400 кілямэтраў, і апошнім часам Таджыкістан праводзіць сумесныя вайсковыя вучэньні з Расеяй і іншымі чальцамі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) уздоўж лініі таджыцка-афганскай мяжы, выкарыстоўваючы іх для ўзмацненьня памежнага кантролю.
  • «Талібан» практычна без баявых сутычак захапіў 15 жніўня Кабул і абвясьціў Афганістан «Ісламскім Эміратам». Амаль праз два месяцы пасьля гэтага абвяшчэньня пакуль яшчэ ніводная краіна не прызнала наноў створаны талібамі ўрад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG