Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Лукаша Калюгі, год таму — «Народная інаўгурацыя Ціханоўскай», пачатак вайны ў Карабаху


Марш "Народная інаўгурацыя Ціханоўскай", Менск, 27 верасьня 2020

Падзеі 27 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

27 верасьня 1909 году нарадзіўся Лукаш Калюга, пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

«Богам дадзены талент», — сказаў пра яго ў свой час Кузьма Чорны. Высокіх ацэнак заслужыў ён і ў такога бясспрэчнага аўтарытэта, як Максім Гарэцкі. Як быццам пакепліваючы з клясыкаў, біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» зьмясьціў пра аднаго з найталенавіцейшых нашых празаікаў даваеннага часу Лукаша Калюгу ці не найменшы трыццацірадковы артыкульчык — прынамсі, меншы за прысьвечаныя пачаткоўцам.

Надзвычай чуйны да мовы, ён яшчэ ў школе запісваў пачутыя ў родных мясьцінах словы й выразы і пасылаў іх у Інбелкульт. Першае апавяданьне Лукаш надрукаваў у васямнаццаць.

Жыцьці пісьменьнікаў тады былі неверагодна імклівыя й насычаныя — нібыта прадчуваючы блізкія трыццатыя, нехта спрэсоўваў пяць гадоў у адзін. Цягам 1928-га часопіс «Узвышша» друкаваў першую аповесьць дзевятнаццацігадовага Калюгі «Ні госьць, ні гаспадар» — пра чалавека, што перастаў адчуваць сябе сваім на сваёй жа зямлі. У наступным годзе ён ужо сябра літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша» — поплеч з самімі Кузьмой Чорным, Уладзімерам Дубоўкам, Зьмітраком Бядулем, Адамам Бабарэкам...

У 1931-м — публікацыя аповесьці «Нядоля Заблоцкіх», адметнай прыёмам гэтак званага міталягічнага рэалізму, і — адлічэньне з пэдтэхнікуму як «узвышанскага лазутчыка й пачынаючага нацдэма».

Праз два гады яго — больш як двухмэтровага волата зь зьбітым на горкі яблык тварам — ужо вялі на першы допыт. Апынуўся Калюга ў той самай менскай турме, дзе некалі адбываў зьняволеньне малады Якуб Колас. Такая вось пераемнасьць пакаленьняў беларускіх пісьменьнікаў ды іхніх царскіх, а затым савецкіх турэмнікаў.

У пяцігадовай высылцы ва ўральскім Ірбіце Лукаш працягваў пісаць аповесьці — «Зоры вам вядомага гораду», «Дзе косьці мелюць», «Утрапеньне» — і ўзяўся за раман «Пустадомкі», ня ведаючы, але, магчыма, здагадваючыся, што яны пабачаць сьвет ажно праз доўгія дзесяцігодзьдзі.

У 1935-м яго, на высылцы, зноў арыштавалі.

Праз два гады бальшавіцкая куля падстрэліла яскравы малады талент на самым узьлёце.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 158-159.

У гэты дзень год таму

  • Маршы «Народная інаўгурацыя Ціханоўскай» у многіх гарадах Беларусі.
  • Магчымыя эканамічныя санкцыі Захаду ў дачыненьні да Беларусі непажаданыя, бо яны прынясуць шкоду беларускаму насельніцтву, заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
  • Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Аляксандру Лукашэнку варта добраахвотна пакінуць пасаду.

Гэты дзень у гісторыі

1480 — заснаваная гішпанская інквізыцыя.

Пакараньне сьмерцю паводле прысуду інквізыцыі
Пакараньне сьмерцю паводле прысуду інквізыцыі

1605 — перамога войска польнага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча над швэдамі пад Кірхгольмам

1821 — Мэксыка атрымала незалежнасьць ад Гішпаніі.

1920 — войскі Станіслава Булак-Балаховіча занялі Пінск.

1941 — Сырыя абвясьціла сябе незалежнай дзяржавай.

1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Янаве Палескім.

2020 —пачаўся збройны канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам за Нагорны Карабах.

У гэты дзень нарадзіліся

1533 — Стэфан Баторы, кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь літоўскі.

Стэфан Баторы
Стэфан Баторы

1871 —Грацыя Деледа, італьянская паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1926 год.

1882 — Міхаіл Кахановіч, беларускі палітычны дзеяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст, першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.

Міхаіл Кахановіч
Міхаіл Кахановіч

1892 — Сяргей Баран, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог; заснавальнік Горадзенскай беларускай гімназіі, пасол польскага сойму ў 1922–1927 гадох. У 1933 годзе быў арыштаваны НКВД і памёр у ГУЛагу.

1903 — Вера Харужая, дзяячка вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў антынацысцкага падпольля ў Віцебску, публіцыстка.

Вера Харужая
Вера Харужая

1982 — Алесь Чаркашын, вайсковец, удзельнік нацыянальна- 804 дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст., герой вайны на ўсходзе Ўкраіны.

Алесь Чаркашын
Алесь Чаркашын

Там, дзе ваююць за свабоду і незалежнасьць, пад сьцягі барацьбітоў заўсёды становяцца і прадстаўнікі іншых народаў. Так было і ў час вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў: поплеч з нашымі інсургентамі на беларускай зямлі змагаліся ўкраінцы, палякі, італійцы, вугорцы, французы, расейцы.

Калі ў 2014-м пачалася вайна ў Украіне, на бок абаронцаў яе дэмакратычнага шляху і тэрытарыяльнай цэласьці сталі дзясяткі беларусаў-добраахвотнікаў. Адзін зь іх — берасьцеец Алесь Чаркашын.

У беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух ён прыйшоў васямнаццацігадовым юнаком. Уступіў у спартова-патрыятычную арганізацыю «Край», а затым — у «Зубар».

Алесь вучыўся ў Украіне: з чырвоным дыплёмам скончыў Таўрыйскі хрысьціянскі інстытут у Херсоне. Яшчэ ў часе навучаньня ён уступіў у партыю Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і стаў кіраўніком яе берасьцейскай суполкі. 19 сьнежня 2010 году прыехаў на Плошчу, потым быў у родным горадзе арганізатарам маўклівых пратэстаў.

На фронце Чаркашын выконваў абавязкі капэляна (у кішэні заўсёды насіў Новы Запавет) і дапамагаў мэдыкам. Ён меў пазыўны «Тарас», але сябры часта называлі яго Бясстрашным. Яны згадваюць, што Алесь сапраўды ня меў у душы страху: у бітве за Данецкі аэрапорт, у пекле каля пасёлку Пяскі, калі вакол несупынна гучалі выбухі, ён пад кулямётным абстрэлам выцягваў з-пад агню параненых.

Яму нязьмерна камфортней было мець у руках ня зброю, а гітару, пад якую Алесь у хвіліны зацішша сьпяваў аднапалчанам песьні на вершы Ларысы Геніюш і на ўласныя словы. Замест мэдыятара ў руцэ ён трымаў патрон.

У жніўні 2015-га ў баі пад Белай Каменкай Чаркашына цяжка параніла. Лёс адмерыў яму два з паловаю тыдні жыцьця ў шпіталі і падараваў сустрэчу з каханай дзяўчынай.

На пахаваньне ў роднай берасьцейскай зямлі прыйшлі сотні аднадумцаў і дзясяткі віжоў.

Пасьмяротна Чаркашына ўзнагародзілі мэдалём «За самаахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» і ордэнам «Народны герой Украіны». Імя нашага адважнага суайчыньніка ўвекавечанае на помніку беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Гэты манумэнт усталяваны ў Кіеве на вуліцы Беларускай. Побач з Алесевым — імёны Міхала Жызьнеўскага, чыё жыцьцё замёрла на кіеўскім Эўрамайдане, і Віталя Ціліжэнкі, заснавальніка тактычнай групы «Беларусь», дзе ваяваў Алесь.

Надмагільны помнік Чаркашына складаецца з трох плітаў, што сымбалізуюць Бога, Айчыну і Служэньне. Сродкі ахвяравалі грамадзяне Беларусі, Украіны, Літвы, Расеі, Польшчы, ЗША.

Яшчэ адным помнікам Алесю стаўся выдадзены сябрамі альбом зь ягонымі песьнямі «Не здавайся!». Гэтыя словы і ў назьве фільму пра Чаркашына, зьнятым на тэлеканале «Белсат» рэжысэрам Антонам Цялежнікавым.

Спадзяюся, незалежнасьць Беларусі мы адстаім без вайны, але ня маю сумневу: калі давядзецца бараніць яе збройна — поплеч стануць украінцы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 676-677.

У памяці

1551 — Ян Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

1612 — Пётр Скарга, езуіцкі прапаведнік, першы рэктар Віленскай Акадэміі і ўнівэрсытэту.

1917 — Эдгар Дэга, францускі мастак.

1958 — Аляксей Туранкоў, беларускі кампазытар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG