Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні настаўнікі-ўцекачы адкрылі беларускую школу


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Вільні адкрылася першая ў Літве прыватная беларуская школа і дзіцячы садок, дзе дзеці могуць займацца на расейскай і беларускай мовах.

За апошні год дзясяткі кампаній пераехалі зь Беларусі ў Літву і перавезьлі сваіх супрацоўнікаў разам з сем’ямі. Але ў большасьці палітычных эмігрантаў грошай на аплату такой школы не хапае.

У будынку школы яшчэ не да канца скончыўся рамонт. Набор вучняў толькі пачаўся — клясы яшчэ не запоўненыя. Зараз праводзяцца толькі першыя пробныя заняткі. Але выкладчыцкі склад у поўнай гатоўнасьці. Амаль усе настаўнікі, якія працуюць у гэтай школе — грамадзяне Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну на працягу апошняга году.

Завуч Ільля Ясінскі ў Менску працаваў у тэатры. У траўні гэтага года ён быў вымушаны ўцячы ў Літву — перайшоў мяжу пешшу, празь лес.

«Тут адчуваецца бясьпека, адчуваецца, што шмат усяго людзі робяць для людзей. Гэта дае сілу, энэргію, натхненьне. Калі ў Беларусі пастаянна адчуваецца цяжар грузу зьверху, цябе спрабуюць размазаць, любая твая ініцыятыва павінна прайсьці максымальную колькасьць супраціву, каб нешта адбылося, то тут наадварот, адчуваньне адчыненых дзьвярэй», — кажа Ясінскі.

У Беларусі на Ільлю заведзеная крымінальная справа за арганізацыю масавых беспарадкаў. Гэтую працу ў школе Ільля называе вялікім посьпехам, ня ўсім палітычным уцекачам так шанцуе. За апошні год у Літву зь Беларусі пераехалі дзясяткі кампаній, асабліва ў ІТ-сфэры. Гэтая школа арыентавана на семʼі тых, хто пераехаў нядаўна.

«Пытаньне досыць сурʼёзнае. Чым старэйшыя дзеці, тым больш складана. Адаптацыя дзяцей да школы, пошук сацыяльнага асяродку, каб адчуваць сябе камфортна і ў сваёй талерцы», — адзначае дырэктар школы Алена Саўко.

Гэта прыватная школа, навучаньне тут платнае — каштуе каля пяці тысяч эўра ў год. Гэта сярэдняя цана на рынку. Але, дырэктар настойвае, што гэта і сацыяльны бізнэс. Паралельна зь людзьмі, якія пераехалі ў Літву па працы, у Вільні ёсьць вялікая грамада палітычных уцекачоў. І ў большасьці такіх уцекачоў няма працы або дастатковых назапашваньняў, каб аддаць дзяцей у прыватную беларускую школу.

«Нам бы вельмі хацелася знайсьці стыпэндыі, і мы ў пошуку стыпэндый і фондаў. Таму, што на дадзены момант мы ня можам самі заснаваць стыпэндыі, у нас пакуль занадта мала дзяцей, каб мы маглі дазволіць сабе гэта, але ў пэрспэктыве, вядома, як толькі мы пачнем атрымліваць даход, мы вылучым стыпэндыі для дзяцей уцекачоў», — сказала Алена Саўко.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG