Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў адбіраць зямлю для пошуку нафты, у тым ліку ў чарнобыльскай зоне


Рабочыя «Беларуснафты» на будаўніцтве сьвідравін, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 352 «Аб будаўніцтве нафтавых і газавых сьвідравін».

У дакумэнце, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале, удакладняецца, што ўказ прыняты дзеля скарачэньня інвэстыцыйнага цыклю будаўніцтва нафтавых і газавых сьвідравін, узьвядзеньня і рэканструкцыі аб’ектаў тэхналягічнага комплексу збору і транспарту нафты, газу і вады, якія выконвае РУП «Беларуснафта».

Аблвыканкамы маюць права прымаць рашэньні аб адбіраньні і перадачы «Беларуснафце» зямельных участкаў і лясных зямель для будаўніцтва і абслугоўваньня сьвідравін, узьвядзеньня і рэканструкцыі аб’ектаў уладкаваньня нафтавых радовішчаў.

«Займаньне такіх зямельных участкаў РУП „Беларуснафта“ без дакумэнтаў, якія сьведчаць права на іх, не зьяўляецца самавольным займаньнем участкаў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Распрацоўка сьвідравін таксама дазваляецца ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку — гэта зона адсяленьня ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрмін правядзеньня экалягічнай экспэртызы праектнай дакумэнтацыі на будаўніцтва сьвідравін не павінен перавышаць 10 рабочых дзён. А дзяржорганы на працягу 5 рабочых дзён з даты звароту «Беларуснафты» абавязаныя выдаваць рашэньні для правядзеньня пошукавых работ.

6 верасьня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам генэральнага дырэктара «Беларуснафты» Аляксандра Ляхава, заявіў, што яго вельмі цікавіць праблема Прыпяцкага прагібу.

«Нутром чую, што там у нас ёсьць нафта, якой мы яшчэ ня бачым, — патлумачыў сутнасьць інтарэсу Лукашэнка. — Пасьля адкрыцьця пэрспэктыўных радовішчаў мы ў свой час здабывалі больш за 8 млн тон нафты. І ўсю выпампавалі, бо памылкова лічылі, што ў нас мора нафты ў Беларусі. Можа, і ёсьць тое мора, якое мы яшчэ не знайшлі. Каб нам сёньня 8-9 млн тон, мы б жылі лепш, чым самыя багатыя краіны нашай плянэты».

Цяпер больш за 90% нафты здабываюць на тэрыторыі паўночнай тэктанічнай структуры Прыпяцкага прагіну на тэрыторыі Рэчыцкага, Сьветлагорскага, Калінкавіцкага раёнаў.

Геолягавыведныя работы таксама праходзяць у Лельчыцкім і Ельскім раёнаах, а з наступнага году пачнуцца ў Нараўлянскім і Хойніцкім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG