Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Кіевам абстралялі машыну першага памочніка прэзыдэнта Ўкраіны. Праводзіцца спэцапэрацыя


Абстраляны аўтамабіль
Абстраляны аўтамабіль

Непадалёк вёскі Лесьнікі Кіеўскай вобласьці з аўтамата абстралялі аўтамабіль Сяргея Шэфіра, першага дарадцы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Як паведамляюць шэраг украінскіх СМІ, Сяргей Шэфір не пацярпеў, а ў ягонага кіроўцу трапілі тры кулі. Кіроўцу шпіталізавалі, ён знаходзіцца ў цяжкім стане.

Праваахоўныя органы праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Сыгнал» для затрыманьня нападнікаў.

Сяргей Шэфір да палітычнай дзейнасьці працаваў разам з Уладзімірам Зяленскім у кампаніі «Студыя Квартал-95». У 2019 годзе быў адным зь лідэраў выбарчага штабу Зяленскага, а адразу пасьля выбараў стаў першым памочнікам прэзыдэнта Ўкраіны.

«Я размаўляў са спадаром Шэфірам. Ён ехаў на працу, звычайна ён у 50 адсотках выпадкаў сам езьдзіць за стырном, і ў 50 адсотках выпадкаў – з кіроўцам. У кіроўцы тры раненьні, сам Сяргей не пацярпеў, яго імгненна перасадзілі ў службовы экіпаж паліцыі і цяпер праводзіцца апэрацыя па перахопу нападнікаў», – заявіў у парлямэнце кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.

Паводле яго, Сяргей Шэфір лічыць, што гэта быў замах на ягонае жыцьцё. Давід Арахамія таксама разьлічвае, што неўзабаве паліцыя зможа вызначыць дэталі нападу па камэрах відэаназіраньня.

Пазьней Міністэрства ўнутраных справаў Украіны пацьвердзіла ўзброены замах на Сяргея Шэфіра. У міністэрстве ўдакладнілі, што ў аўтамабіль пацэліла больш за 10 куляў. Паліцыя зьвярнулася да грамадзян, які маюць якую-небудзь інфармацыю пра замах на жыцьцё двух чалавек, паведаміць сьледчым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG