Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША дваіх паліттэхнолягаў абвінавацілі ў парушэньні закону аб выбарах


Дональд Трамп на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі ў часе выбарчай кампаніі 2016 году
Дональд Трамп на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі ў часе выбарчай кампаніі 2016 году

У ЗША пракуратура рассакрэціла крымінальныя абвінавачваньні супраць дваіх паліттэхнёлягаў Рэспубліканскай партыі, абвінаваціўшы іх у незаконным фінансаваньні выбарчай кампаніі былога прэзыдэнта Дональда Трампа ў 2016 годзе. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле абвінавачваньня, апублікаванага ў фэдэральным судзе акругі Калюмбія, Джэсі Бэнтан і Даг Ўід уступілі ў змову з мэтай незаконна пераправіць дзясяткі тысяч даляраў, якія належалі грамадзяніну Расеі, на выбары прэзыдэнта ЗША. Амэрыканскае заканадаўства забараняе замежным грамадзянам ахвяраваць грошы на прэзыдэнцкія выбарчыя кампаніі.

Як вынікае з абвінаваўчага заключэньня, Бэнтан і Ўід дапамаглі грамадзяніну Расеі атрымаць квіток на палітычнае мерапрыемства па зборы сродкаў для выбарчай кампаніі Трампа ў Пэнсільваніі ў верасьні 2016 году.

Расеец, імя якога ў абвінаваўчым заключэньні не паказваецца, ахвяраваў 25 тысяч даляраў камітэтам у падтрымку Трампа, каб узяць удзел у мерапрыемстве зь ягоным удзелам.

Пры гэтым сапраўдную крыніцу гэтых сродкаў на перадвыбарчую кампанію Трампа схавалі, а плацеж быў таемна праведзены праз Бэнтана, які выдаў сябе за донара.

Па дадзеных АР, расеец перавёў у фірму Бэнтана 100 тысяч даляраў нібыта за «кансультацыйныя паслугі». Адзначаецца, што Бэнтан са сваёй асабістай крэдытнай карткі адправіў 25 тысяч даляраў камітэту па зборы сродкаў у падтрымку Трампа, пакінуўшы сабе 75 тысяч.

Бэнтану і Ўіду выставілі абвінавачаньне ў змове з мэтай вымаганьня і арганізацыі незаконнага ахвяраваньня на выбарчую кампанію з боку замежнага грамадзяніна.

43-гадовы Бэнтан раней кіраваў выбарчымі кампаніямі сэнатараў-рэспубліканцаў Мітча Макконэла і Рэндзі Пола ў штаце Кентукі. Бэнтан пазьбег турэмнага зьняволеньня і быў памілаваны Трампам у сьнежні 2020-га.

75-гадовы Ўід працаваў старшым дарадцам у некалькіх прэзыдэнцкіх кампаніях і балятаваўся ў Кангрэс ад Рэспубліканскай партыі ў 1992 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG