Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы адбываюць дадому пасьля вучэньняў. Верталёты бачылі над Менскам


Расейска-беларускія манэўры, ілюстрацыйнае фота
Расейска-беларускія манэўры, ілюстрацыйнае фота

Падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях «Захад-2021» у Беларусі, выпраўляюцца да месцаў пастаяннай дысьлякацыі.

«Вайсковыя эшалёны з расейскімі вайскоўцамі, якія ўдзельнічалі ў сумесным стратэгічным вучэньні ўзброеных сіл Беларусі і Расеі „Захад-2021“, выправіліся з чыгуначнай станцыі „Брэст-Паўднёвы“ ў свае распалажэньні на тэрыторыі Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні абароннага ведамства Беларусі.

Таксама шмат вайсковых верталётаў заўважана над Менскам — імаверна, гэтаксама з расейскай групоўкі.

Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2021» праходзяць раз на два гады як «завяршальны этап сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сілаў дзьвюх краін». Сёлета 10–15 верасьня на тэрыторыі Расеі і Беларусі было задзейнічана каля 200 тысяч вайскоўцаў, блізу 100 самалётаў і верталётаў, да 760 адзінак баявой тэхнікі.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, каля 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў былі перакінутыя ў Беларусь. Да сярэдзіны кастрычніка войскі, экіпажы тэхнікі і авіяцыі вернуцца на свае базы, запэўнілі ў ведамстве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG