Францыя адклікае амбасадараў з ЗША і Аўстраліі, пасьля адмовы Аўстраліі ад кантракту, раней падпісанага з францускай кампаніяй. Пра гэта паведаміў «Голас Амэрыкі».
У заяве міністра замежных спраў Францыі Жана-Іва Ле Дрыяна гаворыцца, што, прэзыдэнт Эмануэль Макрон прыняў гэтае рашэньне ў сувязі з сур’ёзнасьцю сытуацыі.
У чацьвер Аўстралія заявіла, што адмовіцца ад кантракту з францускай кампаніяй Naval Group коштам 40 млрд даляраў, у рамках якога прадугледжвалася вытворчасьць дызэль-электрычных падводных лодак. Замест гэтага яна вырабіць, як найменш, восем атамных субмарын на аснове амэрыканскіх і брытанскіх тэхналёгій.
16 верасьня ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія абвясьцілі аб стварэньні альянсу ў галіне бясьпекі — AUKUS. Дыпляматычная крыніца ў Францыі заявіла, што Парыж упершыню адклікае амбасадараў падобным чынам. У заяве Дэ Дрыяна гаворыцца, што гэтыя дзеяньні — «непрымальныя паводзіны для саюзьнікаў».
У чацьвер дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен назваў Францыю найважнейшым партнэрам у інда-ціхаакіянскім рэгіёне.
У пятніцу прэмʼер-міністар Аўстраліі Скот Морысан заявіў, што раней уздымаў пытаньне пра магчымасьць адмовы ад зьдзелкі з францускай кампаніяй.
Прадстаўнік МЗС Аўстраліі выказаў шкадаваньне з нагоды рашэньня Францыі і выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва.
Прадстаўнік Белага дому заявіў, што ЗША шкадуюць пра рашэньне Францыі і разлучваюць вырашыць праблему ў бліжэйшыя дні.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс распаўсюдзіў заяву, у якой адзначыў, што «Францыя — наш ключавы партнэр і наш найстарэйшы саюзьнік і мы вельмі высока цэнім нашы адносіны».