Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец расказаў, як праз палітычны перасьлед у Беларусі трапіў у вышук СК Расеі


Дзяніс Зорын
Дзяніс Зорын

40-гадовы расеец, фэльчар Дзяніс Зорын сьцьвярджае, што вымушаны быў зьехаць зь Беларусі, дзе пражыў 7 гадоў і мае ўласны дом у Верхнядзьвінску. Дзяніса вінавацяць у абразе мясцовага міліцыянта. Трое сутак ён правеў у ізалятары Верхнядзьвінскага РАУС. Цяпер яго шукаюць у Расеі расейскія сьледчыя.

Што за справа?

Напрыканцы мінулага году Дзянісу Зорыну выдалі пастанову, у якой гаворыцца, што адносна міліцыянта зь Верхнядзьвінскага РАУС у сетцы «Верхнядзьвінск за перамены live» ад імя карыстальніка Denis Zorin быў пакінуты абразьлівы запіс. Па факце публічнай зьнявагі прадстаўніка ўлады была пачатая крымінальная справа па 369 артыкуле КК. 29 сьнежня Дзяніса Зорына затрымалі і зьмясьцілі на трое сутак у ізалятар, дзе ён сустрэў Новы год. Падрабязна пра сваё ўтрыманьне ў ізалятары ён напісаў на сайце litres.ru.

Дзяніс сьцьвярджае, што ніякага камэнтара адносна міліцыянта ён не пакідаў і што справа супраць яго сфабрыкаваная. А падставай для перасьледу сталі ягоныя запісы пра падзеі ў Беларусі ва ўласных сацыяльных сетках.

«Яны, відаць, іначай не прыдумалі, як прад’явіць мне мне мае запісы. Таму проста сфабрыкавалі справу. Я мяркую, што мне нават наркотыкі хацелі падкінуць, бо два сьледчыя зь Віцебску былі з аддзелу барацьбы з наркотыкамі. Хоць яны тлумачылі, што іх паслалі, бо не хапае супрацоўнікаў», — сказаў Дзяніс Зорын.

Дзяніс Зорын
Дзяніс Зорын

Дзяніс кажа, што ня ведае, які ў яго цяпер статус па крымінальнай справе, бо зьехаў зь Беларусі і ня меў зносінаў са сьледчымі. Раней ён быў падазраваны. Паводле Дзяніса, справа дагэтуль ня спыненая і яго шукаюць расейскія Сьледчы камітэт і Генпракуратура.

«Я быў прапісаны на кватэры ў Цьверы ў майго сябра. Туды прыяжджала паліцыя, апытвалі суседзяў, склалі пратакол. А потым выклікалі на допыт уладальніка кватэры. І яму сказалі, што я павінен зьявіцца, мяне будуць судзіць у Расеі і дадуць штраф 40 тысяч расейскіх рублёў. Маўляў, будзе лепш, калі я сам прыйду, лепш здацца, чым жыць на ўцёках. Але я ведаю выпадкі, калі расейцаў накіроўвалі назад у Беларусь і там саджалі ў турму, хоць афіцыйна Расея сваіх грамадзян не выдае», — кажа Дзяніс.

Дзяніс лічыць за лепшае хавацца, бо з судзімасьцю ён ня зможа працаваць у мэдыцыне.

«А віна якая? За нейкі камэнтар пра міліцыянта ў нейкім закрытым тэлеграм-чаце, якога я нават ня ведаю. І шукаць чалавека ў дзьвюх краінах, яшчэ ў інтэрпол падайце. І пяцёх сьледчых наймаць, каб яны над гэтай справай працавалі! — кажа Дзяніс. — Мы калісьці з гэтым міліцыянтам сябравалі, пакуль у краіне не пачаліся пратэсты. Насамрэч ён савецкі чалавек, ня вельмі шырокіх поглядаў».

«Па духу сапраўдны беларус»

Дзяніс піша пра сябе на беларускай мове ў адным з пастоў, што ён па пашпарце расеец, а па духу сапраўдны беларус. Кажа, што вырас у Расеі, у глухой сыбірскай вёсцы. Восем гадоў таму яго запрасілі ў Менск на Каляды, ён пазнаёміўся зь беларускай культурай і мовай, займеў сяброў. Пасьля гэтага вырашыў застацца ў Беларусі і набыў дом у Верхнядзьвінску. Ён католік, хрысьціўся ў Томску.

Дом Дзяніса ў Верхнядзьвінску цяпер даглядаюць сябры.

«У мяне там адлучылі інтэрнэт, правайдэр беспадстаўна скасаваў дамову. Магчыма, яны думаюць, што я сяджу там і пішу свае пасты».

Пасьля вызваленьня зь Верхнядзьвінскага ІЧУ 1 студзеня Дзяніс яшчэ два з паловай месяцы жыў у Беларусі.

«Я спакойна жыў дома. А ў сакавіку я паехаў у Расею, каб атрымаць дыплём у каледжы. У ліпені я меркаваў вярнуцца ў Беларусь, каб сесьці ў турму. Але не паехаў. Адна з прычын — я ўзгадваў тыя трое сутак, калі я сядзеў у ізалятары. На трэція суткі я там ужо шукаў, чым мне перарэзаць вены, бо я хацеў спыніць такое існаваньне. Таму ў зьняволеньні я мог бы з сабой нешта зрабіць. А там ня будуць ратаваць, а наадварот, зробяць усё, каб ты там здох».

«Я раблю гэтыя запісы дзеля маіх сяброў»

Дзяніс Зорын не зьбіраецца закрываць сваю старонку «ЎКантакце» і абяцае яшчэ больш пісаць там пра сытуацыю ў Беларусі.

«Я паглядзеў, што з маіх сяброў у Беларусі засталіся на волі толькі двое. Усе астатнія сядзяць: хто ў ЛТП, хто на зоне. Таму я хачу гаварыць, пакуль ёсьць магчымасьць. Бо ва ўладаў галоўная мэта, каб усіх заткнуць, каб ніхто нічога не казаў. А калі ніхто не гаворыць, то нічога і няма, — кажа Дзяніс. — Я раблю гэтыя запісы дзеля маіх сяброў, якія несправядліва сядзяць. Гэта цьвет беларускай нацыі, які зьнішчаюць фізычна і маральна. Але мы прайграем толькі тады, калі перастанем нешта рабіць і верыць».

Дзяніс піша на сваёй старонцы ў сацсетках, што Расея — гэта ня месца, каб там заставаліся беларусы і расейцы, якіх перасьледуюць з палітычных матываў.

«Для расейскіх уладаў вельмі важна, каб рэжым Лукашэнкі захаваўся. Бо калі ён ня стане існаваць, то Беларусь для іх будзе страчаная».

Дзяніс спадзяецца на вяртаньне ў Беларусь, хоць і ня хуткае.

«Я веру, што я вярнуся ў Беларусь, і гэта будзе зусім іншая краіна. Гэта адбудзецца. Я мяркую, што гэта здарыцца праз год-два».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG