Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць грамадзянку Расеі за твіт пра Лукашэнку


Дом правасудзьдзя. Берасьце.
Дом правасудзьдзя. Берасьце.

Ірына пражыла ў Берасьці каля 10 гадоў, у інтэрнэце вяла блог на некалькіх пляцоўках.

16 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця судзьдзя Яўген Брэган пачаў разгляд справы грамадзянкі Расеі Ірыны Вікхольм, якая жыве ў гэтым горадзе. Як паведамілі Свабодзе мясцовыя прававабаронцы, 17 верасьня судовы працэс прадоўжыўся.

58-гадовая Ірына Вікхольм знаходзіцца пад вартай у Беларусі з траўня 2021-га, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Аднак беларускія ўлады апавясьцілі расейскую амбасаду аб затрыманьні жанчыны толькі ў пачатку верасьня.

Жанчыну абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК). Прычынай стаў твіт пра Аляксандра Лукашэнку, якому паводле інфармацыі расейскага сайту «Медуза», у канцы траўня 2021 году Вікхольм прысьвячала амаль усе свае публікацыі ў Twitter (69 падпісантаў).

Ірына пражыла ў Берасьці каля 10 гадоў, у інтэрнэце вяла блог на некалькіх пляцоўках. Уласных твітаў у яе амаль не было — у асноўным Вікхольм дзялілася журналісцкімі артыкуламі і выказваньнямі апазыцыйных блогераў, якія крытыкуюць Лукашэнку.

Адзін з апошніх твітаў 58-гадовай жанчыны — рэпост яе ўласнай публікацыі ў «Жывым журнале» ад 23 траўня 2021 году. У ёй гаворыцца пра пасадку ў Менску самалёта Ryanair, пасьля якой сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча.

Сваю публікацыю Вікхольм назвала «Чарговае злачынства Лукашэнка: акт дзяржаўнага авіяпірацтва». Гэты тэкст — перадрукоўка артыкулу расейскай службы ВВС пра сытуацыю з авіялайнэрам, у ім зазначаецца, што «актам дзяржаўнага авіяпірацтва» гэты выпадак назваў МЗС Грэцыі. Ад сябе Вікхольм дадала ў загаловак толькі тры словы: «Очередное преступление Лукашенко».

Неўзабаве пасьля гэтага паста Twitter і іншыя сацсеткі Ірыны Вікхольм перасталі абнаўляцца. Паводле інфармацыі знаёмых Ірыны, сілавікі пачалі цікавіцца жанчынай у сярэдзіне траўня. Адзін зь яе знаёмых расказаў, што 27 траўня Ірына патэлефанавала яму і паведаміла, што да яе дадому ў Берасьці прыйшоў міліцыянт. Ён спытаў, на якой падставе яна жыве ў Беларусі, і папрасіў прыйсьці ў міграцыйную службу на наступны дзень.

Пра далейшы лёс жанчыны стала вядома толькі праз тры месяцы. 1 верасьня 2021 года пракуратура Беларусі паведаміла, што ў суд накіраваная крымінальная справа аб «публічным паклёпе» на Аляксандра Лукашэнку, абвінавачваецца ў ёй «замежная грамадзянка В.».

Прозьвішча жанчыны пракуратура не назвала, аднак 5 верасьня праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што, падобна, размова ідзе аб Ірыне Вікхольм. Праваабаронцы адзначылі, што з канца траўня грамадзянка Расеі знаходзілася ў адным зь менскіх СІЗА, нядаўна яе перавялі ў ізалятар у Берасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG