Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі прызналіся: беларускі лес высякаюць, але «не бязьлітасна»


Высечка лесу пад Смалявічамі, архіўнае фота

Кіраўніцтва Міністэрства лясной гаспадаркі прызнала рост высечкі лясоў, аднак патлумачыла рост камэрцыйнай дзейнасьці ў лясах «высьпяваньнем драўніны». Раней паведамленьні пра «бязьлітасную актыўнасьць лясгасаў» у ведамстве называлі «фэйкамі».

Першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што высечка лясоў у краіне сапраўды вырасла. Але яна, па яго словах, «заплянаваная і абгрунтаваная».

«Секчы мы пачалі больш таму, што пачалі сьпець лясы. Сёньня ў Беларусі 18% сасьпелых лясоў. Адпаведна, лясгасы прыбіраюць „ураджай“. Гэта звычайны працэс», — цытуе чыноўніка БелТА.

Пры гэтым ён паскардзіўся, што журналісты і блогеры, якія ўздымалі праблему высечкі лясоў, праігнаравалі прэс-туры, якія арганізоўваў у тым ліку і ён асабіста. Ён запэўніў, што нічога ў Беларусі «бязьлітасна» ня высякаецца, усе працэсы плянавыя і ўзгодненыя.

Пры гэтым яшчэ ўвесну Міністэрства лясной гаспадаркі абвяргала інфармацыю пра нібыта «бязьлітасную высечку лясоў у краіне».

«Інтэрнэт абляцела відэа ад аднаго з польскіх тэлеканалаў аб тым, што пад Барысавам да такой ступені высякаюць і распрадаюць усё, што страшна глядзець. Нам жа стала страшна ад няграматнасьці аўтара роліка, які нават не падумаў праверыць інфармацыю. Для тых, хто штампуе прымітыўныя фэйкі, тлумачым: гаворка пра перастойную драўніну. Дзеля гэтага „геніяльны лес“, як яго назваў „журналіст“, уласна кажучы, і вырошчваецца», — адказала крытыкам галіновае ведамства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG