Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расьсьледуюць справу беларуса Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021
Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021

Беларуса Віталя Шышова паўтара месяца таму знайшлі павешаным у адным з паркаў Кіеву. Да гэтага часу блізкія ня могуць забраць цела актывіста з морга і атрымаць інфармацыю пра ход расьсьледаваньня: якая вэрсія ў праваахоўных органаў асноўная цяпер — самагубства або наўмыснае забойства?

Віталь Шышоў узначальваў «Беларускі дом у Украіне», арганізацыя ў тым ліку дапамагала беларусам, якія зьбеглі ад пераследу.

Яшчэ ў пачатку жніўня сьледзтва агучыла дзьве вэрсіі: суіцыд і наўмыснае забойства з імітацыяй самагубства. Блізкія і паплечнікі Віталя Шышова у самагубства ня вераць і зьвязваюць сьмерць актывіста зь яго дзейнасьцю, паведамляе карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Раман Васюковіч.

Так лічыць і Бажэна Жолудзь, грамадзянская жонка Шышова: «Гэта не самагубства. 100 адсоткаў магу сказаць, што не. Нават па тым, як ідзе сьледзтва, я разумею, што я маю рацыю ў гэтым пляне. Я думаю, што гэта было забойства і, хутчэй за ўсё, гэта КДБ ці ФСБ, магчыма, нехта з украінскага боку замешаны, таму працэс ня рухаецца нікуды».

Віталь Шышоў пераехаў у Кіеў летась. На пасадзе кіраўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Шышоў у тым ліку дапамагаў іншым беларусам, уцекачам з краіны ў пошуку працы, жытла і ўладкаваньня на новым месцы. Да гэтага часу паплечнікі Шышова ня могуць забраць яго цела з морга — ня скончаная судова-мэдычная экспэртыза.

Размаўляць на камэру з карэспандэнтамі тэлеканалу «Настоящее время» кіраўніцтва морга не захацела, але там патлумачылі, што блізкія Віталя Шышова змогуць забраць цела адразу ж, як толькі паступіць дазвол з пракуратуры.

На месцы гібелі актывіста яго сябры ўстанавілі сымбалічны памятны знак. Яны таксама ня вераць у вэрсію самагубства: «Мы ня маем ніякай інфармацыі. Маральна мы гатовыя да любога зыходу: да таго, што гэтая справа будзе патоплена, утоена, мы ніколі не даведаемся. Гэтак жа, як гэта было з Шараметам. Адзінае, што хацелася б яго пахаваць як чалавека».

У пачатку верасьня міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі ў інтэрвію журналістам сказаў, што сьледзтва вызначылася з вэрсіяй гібелі Віталя Шышова. Праўда, якая менавіта вэрсія аказалася ў прыярытэце, міністар не ўдакладніў. На зварот тэлеканалу «Настоящее время» ў пракуратуры Кіева адказалі, што яшчэ вядзецца дасудовае расьсьледаваньне паводле артыкулу «наўмыснае забойства».

Адвакатка Алена Гаўрылюк прадстаўляе інтарэсы пацярпелага боку. Яна кажа, што пытаньняў у справе Шышова пакуль больш, чым адказаў. «Мяне цікавіць, чаму не выдаецца цела, чаму доўга праводзіцца экспэртыза. Гэта ўсё, што я пакуль магу сказаць на дадзены момант. Зараз падрыхтаваны адвакацкія запыты на імя міністра ўнутраных спраў Манастырскага пра тое, што ён у сваім брыфінгу „Інтэрфаксу“ агучыў, што вядомая вэрсія: гэта забойства ці самагубства — таму хочам ад яго атрымаць больш выразны адказ», — сказала адвакатка.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG