Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Вільні заклікаў да нацыянальных санкцый супраць «Беларуськалію»


Зімовая Вільня, архіўнае фота

Інакш давядзецца пасыпаць дарогі ў Літве беларускай сольлю.

Пакуль усё ідзе да таго, што ў Літве гэтай зімой будуць пасыпаць дарогі сольлю зь «Беларуськалію», які трапіў пад санкцыі ЗША і выбарачныя сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу, паведаміў партал Delfi.lt.

Раней мясцовыя ўлады Вільні і Коўна, а таксама кампанія, якая абслугоўвае дарогі Літвы, правялі конкурс, які выйграла прыватная кампанія Lit Salt Trade. Яна прапанавала найменшую цану, бо купляе соль на «Беларуськаліі», якую блізка везьці.

«Улічваючы тое, што большая частка цаны на тэхнічную соль прыпадае на лягістычныя выдаткі, бальшыня тэхнічнага хлярыду натрыю апошнія гады адгружаецца зь Беларусі», — патлумачылі ў кампаніі Grinda, якая абслугоўвае вуліцы Вільні.

Пасьля ўведзяньня санкцый супраць «Беларуськалію» віленскія ўлады спыталіся ў Міністэрства замежных спраў, ці могуць яны цяпер купляць беларускую соль. У МЗС адказалі, што санкцыі не распаўсюджваюцца:

  • на кантракты, падпісаныя да 25 чэрвеня 2021 году,
  • на прадукты з хлярыдам натрыю, то бок акурат тую соль, якой пасыпаюць дарогі.

Мінулай зімой у Вільні зрасходавалі каля 24 тысяч тон солі.

У другім па велічыні горадзе Літвы Коўне Lit Salt Trade мае трохгадовы кантракт на пастаўку солі. Ён будзе дзейнічаць і сёлета. Мінулай зімой на вуліцы Коўны высыпалі каля 7 тысяч тонаў тэхнічнай солі па 46 эўра кожная. Сёлета плянуюць купіць яшчэ 8 тысяч тон солі зь Беларусі.

На аўтатрасах Літвы таксама беларуская соль. Летась яе зрасходавалі больш за 120 тысяч тон. Яе купілі ў Lit Salt Trade на суму амаль 7,3 млн эўра. Сёлета плянуюць купіць яшчэ на 13 мільёнаў эўра. Конкурс на закупку яшчэ ідзе. Калі пастаўшчык беларускай солі пройдзе ўсе працэдуры і праверкі, ён зможа выйграць яго чарговы раз.

14 верасьня мэр Вільні Рэмігюс Шымашус зьвярнуўся да ўраду з просьбай тэрмінова ўвесьці нацыянальныя санкцыі супраць усёй прадукцыі «Беларуськалію», у тым ліку солі для дарог. Ён адзначыў, што цяперашнія санкцыі не закранаюць прадукты з хлярыдам натрыю, таму Вільня абавязана паводле закону купляць беларускую соль, бо яна самая танная.

Муніцыпалітэт Вільні заклікаў прыняць санкцыі цягам двух тыдняў, бо «ў цяперашняй палітычнай сытуацыі фінансаваньне незаконнага рэжыму ў Беларусі недапушчальнае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG