Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Аляксандар Васілевіч напісаў за кратамі кнігу казак 


Вокладка кнігі палітвязьня Аляксандра Васілевіча «Тата і пінгвін»

Бізнэсовец, сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандар Васілевіч напісаў у турме кнігу «Тата і пінгвін».

Гэта казкі для для 7-гадовай дачкі Адэлі і маленькай Уршулі, якая нарадзілася, калі тата быў пад вартай.

«Лепшы падарунак — кніга! „Тата і пінгвін“ Аляксандра Васілевіча ў фармаце раздрукуй сам. Агулам дзевяць казак. Саша просіць прабачэньня, што апошнія не пазытыўныя — кажа, што адчувае недахоп зносінаў зь людзьмі, у якіх справы ідуць добра. Для аматараў аднабаковага друку: пастаронкава ці развароты. Тым, хто гатовы на двухбаковы друк, — скласьці аркушыкі і замацаваць стэплерам», — дае рэкамэндацыі чытачам Надзея Зелянкова, жонка палітзьняволенага казачніка-дэбютанта.

Аляксандар Васілевіч за кратамі ад канца жніўня 2020 году. Летась яго затрымлівалі двойчы. Першы раз 28 ліпеня, калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня прэтэндэнту ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Тады паход у афіцыйную ўстанову скончыўся судом, заяўніка пакаралі 14 суткамі арышту — нібыта «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу» і патрабаваў свабоды вязьню.

Пасьля выхаду на волю яго паўторна затрымалі 28 жніўня прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. У кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, адбыліся ператрусы.

4 верасьня Аляксандру Васілевічу прад’явілі абвінавачаньне. З прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва дакладна невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу ён праходзіць. У якасьці падазраванай па крымінальнай справе і ягоная жонка Надзея Зелянкова.

Увесь гэты час палітвязень утрымліваецца ў менскім СІЗА №1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік.

Спампаваць кнігу Аляксандра Васілевіча «Тата і пінгвін» можна ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG