Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова зьнешняга доўгу — перад Расеяй. Колькі Беларусь вінная і чым гэта кепска


Ілюстратыўнае фота.

Актуальны доўг Беларусі перад Расеяй — больш за 9 мільярдаў даляраў, агульны — 18,3 мільярда даляраў. Глядзім, што зь дзярждоўгам Беларусі.

Самы буйны даўжнік Расеі — Беларусь

Па дадзеных Сусьветнага банку на 2019 год, Расея ўваходзіла ў пяцёрку найвялікшых крэдытораў у сьвеце. А найбольшы доўг перад Расеяй — у Беларусі.

Агулам розныя краіны вінныя Расеі 22,9 мільярда даляраў. Сярод даўжнікоў таксама Ірак, Куба, Банглядэш, Вэнэсуэла, Індыя, Віетнам, Емэн.

Найлепш для краіны мець розныя крыніцы пазыкаў, пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.
Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

«Найлепш мець дывэрсыфікаваныя крыніцы пазыкаў, мець выбар, дзе і на якіх умовах і на якія тэрміны можна пазычыць. Так можна выбіраць больш камфортную стаўку, больш камфортную валюту і больш камфортныя ўмовы. У лепшыя часы ў Беларусі была магчымасьць такога выбару. Маглі выбіраць крэдыты міжнародных фінансавых арганізацый і пазыкі на рынкавых умовах», — тлумачыць Вадзім Іосуб.

І дадае, што расейскія крэдыты хоць і выгадныя працэнтнай стаўкай, але незразумелыя на іншых умовах.

«Калі казаць пра расейскія крэдыты, то найчасьцей — гэта камфортная працэнтная стаўка, але не заўжды зразумелыя ўмовы. Крэдыты МВФ абумоўліваюцца неабходнасьцю рэформаў, крэдыты на рынку ў выглядзе аблігацый — нічым не абумоўленыя. А з расейскімі крэдытамі даводзіцца гадаць, чым давядзецца заплаціць. Патрабаваньні могуць быць не заўжды эканамічныя. Могуць быць інтэграцыйныя ці геапалітычныя абумоўленасьці», — кажа Вадзім Іосуб.

«Зьнешні доўг — не паказчык»

Па стане на жнівень зьнешні доўг Беларусі складае 18,3 мільярда даляраў, зьнешні доўг Расеі — 471 мільярд даляраў. Пры гэтым сам па сабе памер зьнешняга доўгу, як і ягоны адсотак ад ВУП, мала пра што кажа. Паказчык — наколькі пазычаныя грошы эфэктыўна трацяцца, зьвяртае ўвагу Вадзім Іосуб.

«Ацэньваць зьнешні доўг варта па тым, наколькі проста яго абслугоўваць. Высокі доўг, з аднаго боку, — нагрузка на эканоміку, а зь іншага — гэта паказчык, што краіну ахвотна крэдытуюць. Шмат у чым сытуацыю зь дзярждоўгам можна ацэньваць па мэтах, на якія накіроўваюцца гэтыя сродкі. Калі сродкі ідуць на эфэктыўныя праекты, а адсотак па доўгу ня меншы, чым рост ВУП, то ў такой сытуацыі даўгі можна нарошчваць. Адваротная сытуацыя — калі грошы ўкладаюцца неэфэктыўна і праядаюцца, такі доўг — гэта цяжар. Вось у Беларусі такі тып доўгу. Грошы трацяцца неэфэктыўна», — кажа Вадзім Іосуб.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG