Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарку Добрушу аштрафавалі на 2900 рублёў за «пікет стыкерамі» ў тэлеграм-канале


Суддзя Добрушскага раённага суду Лук’янава пакарала штрафам 49-гадовую жыхарку Добрушу Вераніку Драбышэўскую.

Драбышэўская напрыканцы жніўня ў тэлеграм-канале «Добруш для жыцьця» зьмясьціла стыкеры з «Пагоняй» і фразай «Жыве Беларусь!».

Як паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна», пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні склаў участковы Добрускага раёну на падставе рапарту намесьніка начальніка АУС Мікалая Маставенкі, які падчас маніторынгу тэлеграм-чату «Добруш для жыцьця», знайшоў, на ягоную думку, «незаконныя» стыкеры.

«Ён мне ў міліцыі сказаў, што спалучэньне белага і чырвонага колераў у нас у краіне забаронена, — узгадвае Вераніка Драбышэўская, — як і выява герба „Пагоня“. Я спытала ў яго, можа ў нас ужо ўсё забаронена, і думаць таксама. Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але ня трэба гэта выказваць. Падчас размовы ён быў задаволены і шчасьлівы».

На судовым працэсе Драбышэўская віны не прызнала і заявіла, што «Пагоня» у 2007 годзе ўключаная ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, і што за яе пашкоджаньне прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Аднак судзьдзя палічыла, што, разьмясьціўшы два стыкеры з «Пагоняй» і словамі «Жыве Беларусь», Драбышэўская «выказвала свае грамадзка-палітычныя інтарэсы і выступала арганізатарам дадзенага пікету». Судзьдзя пакарала жанчыну па арт.24.23 КаАП РБ «парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

«Суд доўжыўся мо 5-10 хвілінаў, — абураецца Вераніка Драбышэўская. — Судзьдзя хутка прачытала матэрыялы справы і пакарала мяне 100 базавымі штрафу, 2900 рублёў. Ды я за месяц працы на папяровай фабрыцы атрымлівала ўсяго 600 рублёў. І каб сплаціць такі вялізарны штраф мне трэба 4 месяцы працаваць там, ня есьці, ня піць, а толькі плаціць штраф. Я за год вучобы ва ўніверсытэце сваёй дачкі плачу такую суму, а тут за два стыкеры з гістарычным гербам і цытатай з клясыка беларускай літаратуры Купалы. Жах, маразм. Ня суд, а судзілішча».

Вераніка Драбышэўская ў пошуках працы, і магчымасьці аплаціць штраф у яе няма.

  • Ніводным заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь як герб «Пагоня», гэтак і бел-чырвона-белы сьцяг альбо лёзунг «Жыве Беларусь!» не забароненыя.
  • Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, пікетаў і шэсьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG