Плякат у падтрымку Анджэя Пачобута ў цэнтры Варшавы.
Палітвязьню Анджэю Пачобуту, зьняволенаму ў рамках так званай «польскай справы», прыйшлі ўжо тры лісты ад Юрыя Васкрасенскага.
Свабодзе стала вядома, што ў апошнім лісьце Анджэю Пачобуту Юры Васкрасенскі напісаў, што мае намер прадстаўляць ягоныя інтарэсы і прасіць аб вызваленьні.
Зьняволены журналіст раней адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Ён адзначыў, што нікому не даваў паўнамоцтваў прадстаўляць свае інтарэсы ў пытаньні памілаваньня.
Юры Васкрасенскі, вызвалены зь СІЗА пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, быў ухвалены ўладамі як «пасярэднік» для дыялёгу з апазыцыяй, ён стварыў «Круглы стол дэмакратычных сілаў» і склаў два сьпісы: на амністыю і на памілаваньне. Першы сьпіс, на амністыю, уключае 650 чалавек.
Журналіста і сябра Рады Саюзу палякаў Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка, ён у Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».
Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў вывезьлі ў Польшчу.