Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня БХК аб прэтэнзіях Мін'юста, на падставе якіх арганізацыю хочуць ліквідаваць: «Гэта фальшыўка»


Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Вярхоўны суд прызначыў асноўны разгляд пазову Мін'юста аб ліквідацыі БХК на 30 верасьня.

10 верасьня ў Вярхоўным судзе прайшло папярэдняе судовае паседжаньне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага Хэльсінскага камітэту.

Падставай для ліквідацыі, на думку міністэрства юстыцыі Беларусі, мае паслужыць нібыта «грубае парушэньне заканадаўства» з боку БХК. Паводле заявы, Міністэрствам юстыцыі ў выніку сьледчых дзеяньняў у неназванай крымінальнай справе былі атрыманыя дакумэнты на 2 чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі ў доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020 году».

У пацьверджаньне гэтаму Міністэрства юстыцыі прыклала да заявы копіі 6 дакумэнтаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і прыёма-перадатачных актаў.

У БХК заявілі, што ім невядома, аб якой крымінальнай справе і ў дачыненьні да каго ідзе гаворка:

«Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору ў крымінальнай справе, неправамерна. Гаворачы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны суд прызнае, што гэтыя дакумэнты, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасьці, то гэтае рашэньне будзе мець прэюдыцыяльнае значэньне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакумэнты і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя — абавязковасьць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэньнем у іншай справе, якое набыло законную моц. Г. зн. гэта рашэньне будзе абавязковым для іншага суду ў крымінальнай справе. Такім чынам, рашэньне Вярхоўнага Суду ў справе аб ліквідацыі Беларускага Хэльсынскага камітэту можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць у крымінальнай справе»,— заявілі ў БХК перад пачаткам працэсу аб лікідацыі арганізацыі.

На папярэднім пасяджэньні Вярхоўнага суду 10 верасьля БХК прадстаўляў намесьнік старшыні арганізацыі Гары Паганяйла. У судзе пацьвердзілася,што нічога іншага арганізацыі не прад'яўляюць, толькі гэтыя копіі.

Гары Паганяйла заявіў, што ў абгрунтаваньне пазыцыі Мінюст прадставіў копіі з копій, па якіх немагчыма вызначыць, наколькі гэта рэальныя дакумэнты, таму суду трэба запрасіць іх арыгіналы, каб было ясна, што гэта дакумэнты, а, па-другое, трэба дачакацца разгляду крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя нібыта дакумэнты, і таму ён папрасіў адкласьці працэс аб лікідацыі БХК да яе завяршэньня.

Аднак Вярхоўны Суд праігнараваў гэтую просьбу і вырашыў разгледзець гэтае хадайніцтва 30-га верасьня на асноўным пасяджэньні па справе аб пазове Мінюста.

Гулак: «Я такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка»

Старшыня БХК Алег Гулак у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ў справе відавочны палітычны момант, улады хочуць іх арганізацыю закрыць, як і іншыя НДА, якія патрапілі пад ціск пасьля выбараў 2020 году.

«Гэта расправа за нашую праваабарончую дзейнасьць. Па сутнасьці ж прэтэнзіі Мінюста магу сказаць, што такога не было, мы гэтага не прызнаем, мы ня ведаем крыніц гэтых дакумэнтаў.

Там нібыта стаіць мой подпіс, але гэта копія з копіі, у якой можна падрабіць любы подпіс, і я нічога такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка. Калі мяне ў лютым дапытвалі ў межах крымінальнай справы, мяне пра гэта ніхто не пытаўся».

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на 9 верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 году ўжо 135 зьліквідаваных недзяржаўных арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG