Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля карыкатуры ў «Мінскай праўдзе» Макей сустрэўся з папскім нунцыем


Антэ Ёзіч і Ўладзімер Макей 9 верасьня
Антэ Ёзіч і Ўладзімер Макей 9 верасьня

9 верасьня міністар замежных спраў Уладзімер Макей сустрэўся з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Антэ Ёзічам, паведаміла МЗС.

Яны абмеркавалі актуальныя пытаньні, гуманітарную супрацу і ўзаеміны Беларусі і Ватыкану ў міжнародных арганізацыях.

Уладзімер Макей заявіў пра:

  • нацэленасьць на канструктыўнае супрацоўніцтва з Ватыканам,
  • недапушчальнасьць распальваньня рэлігійнай нецярпімасьці,
  • важнасьць захаваньня ў краіне этнаканфэсійнай згоды ў цэлым.

«У гэтым кантэксьце ня варта надаваць ніякага значэньня асобным, выключна субʼектыўным спробам намаляваць сытуацыю інакш», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

У камэнтары для Catholic.by па выніках сустрэчы з міністрам Макеем Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч адзначыў, што ўлады «не падтрымліваюць ніякіх дзеяньняў, скіраваных на распальваньне варожасьці ў дачыненьні да прадстаўнікоў той ці іншай рэлігійнай супольнасьці».

7 верасьня на першай старонцы сьвежага нумару «Мінская праўда» апублікавала карыкатуру Антона Астроўскага, на якой выява каталіцкіх сьвятароў у характэрным адзеньні, свастыка, бел-чырвона-белы сьцяг і словы беларускага хрысьціянскага гімну «Магутны Божа» на фоне скажонай рэплікі абраза Росіцкіх пакутнікаў — сьвятароў, якія падчас ІІ сусьветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі сьмерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Рысунак падпісаны на расейскай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные...».

У нумары таксама зьмясьцілі артыкул Льва Крыштаповіча з абвінавачваньнем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Юрыя Касабуцкага ў антыдзяржаўнай дзейнасьці.

Беларуская Каталіцкая царква асудзіла публікацыю і расцаніла яе як «распальваньне варожасьці ў беларускім грамадзтве да Рымска-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі, асабліва да яго ярархаў і прэзьбітэраў.

«Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуцьцям вернікаў Каталіцкай царквы. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысьціянам розных канфэсій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасьці да фашызму і нацызму, што зьяўляецца сьвядомым і зламысным скажэньнем праўды, паклёпам і абразай», — гаварылася ў рэакцыі Касьцёлу.

Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі ад сябе заявіў, што ня зьменіць свайго погляду, нягледзячы на пагрозы.

«Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насільля, катаваньняў, несправядлівасьці, хлусьні, рэпрэсій. Я не зьмяню гэтага свайго погляду, нягледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, зь якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы ня здольныя паўплываць на мой сьветапогляд, які базуецца на Эвангельлі.
Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта ў хрысьціянскай сымболіцы знак і сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта НЕ залежыць ад ідэолягаў, якія сёньня шукаюць „аргумэнтаў“ супраць...

Гімн „Магутны Божа“ даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолягам, гэта НЕ праблема Касьцёлу... Мы сёньня не ўжываем гэтай малітвы толькі таму, каб гэтым не раздражняць нікога», — напісаў у фэйсбуку Юры Касабуцкі.

Папа Францішак прызначыў Антэ Ёзіча апостальскім нунцыем у Беларусі ў траўні 2020 году. Нунцый — гэта найвышэйшы дыпляматычны прадстаўнік Ватыкана, гэтая пасада адпавядае Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG