Лінкі ўнівэрсальнага доступу

435,8 тысячы маюць даход, ніжэйшы за пражытковы мінімум. 10 лічбаў пра жыцьцё беларусаў


Які ўзровень жыцьця беларусаў паводле афіцыйнай статыстыкі.

39% асноўных тратаў — на ежу

У структуры тратаў найбольшае месца ў беларусаў займае ежа (39,1%), у 2020 годзе гэты паказчык вырас на 0,4%. Другая катэгорыя тратаў — неспажывецкія тавары: 33,9%. Трэцяя — аплата паслуг, на паслугі прыпадае 24,3% ад усіх тратаў.

На жыльлё прыпадае 10,4% ад усіх тратаў, на транспарт — 10,3%.

Для параўнаньня: у Нямеччыне на харчаваньне прыпадае 11,7% расходаў, у Літве — 25,4%.

У Беларусі 206,2 тысячы беспрацоўных

Паводле Белстату, у Беларусі не працуюць 206,2 тысячы чалавек, зь іх 168 тысяч жывуць у гарадах і паселішчах гарадзкога тыпу і 38,2 тысячы — на вёсцы. Найбольш беспрацоўных — сярод людзей з агульнай базавай адукацыяй: такіх 11%.

Калі глядзець на ўзроставую катэгорыю, то найбольш беспрацоўных ва ўзросьце 15–19 гадоў.

Сярэдні даход — 319 даляраў

Сярэдні даход у Беларусі — 801,3 рубля, або 319 даляраў. Найбольшы сярэдні даход — у Менску (1199,8 рубля), а найменшы — у Магілёўскай вобласьці (661 рубель).

На дэпазытах беларусаў — 22,4 мільярда рублёў

22,4 мільярда рублёў — столькі грошай беларусы захоўваюць на дэпазытах, годам раней было 24 мільярды. То бок за год беларусы зьнялі з дэпазытаў 2 мільярды рублёў.

15,5 мільярда беларусы вінныя па крэдытах

Агулам у беларусаў 15,5 мільярда рублёў крэдытаў, якія трэба вяртаць. Найбольш крэдытаў у жыхароў Менску — 3,5 мільярда рублёў.

1,5% маюць у месяц менш за 200 рублёў

Калі паглядзець на ўзровень сярэднедушавых рэсурсаў у хатніх гаспадарках, то 1,5% беларусаў маюць на месяц менш за 200 рублёў, 2,8% маюць 200–250 рублёў на месяц, і толькі 7,2% маюць больш за 1000 рублёў.

4,8% беларусаў лічацца малазабясьпечанымі

Даход 4,8% беларусаў не перавышае бюджэту пражытковага мінімуму. Такія людзі лічацца малазабясьпечанымі. Гэта 435,8 тысячы чалавек. Бюджэт пражытковага мінімуму для працаздольных грамадзян — 315,04 рубля, агульны — 284,3 рубля.

10,5% незадаволеныя ўзроўнем сваіх даходаў

Паводле Белстату, толькі 10,5% хатніх гаспадарак у Беларусі ў 2020 годзе не былі задаволеныя ўзроўнем даходаў. Найбольш такіх было ў Берасьцейскай вобласьці — 12,7%.

13,5% беларусаў, старэйшых за 16 гадоў, вядуць здаровы лад жыцьця

13,5% беларусаў, якім больш за 16 гадоў, вядуць (зь іхных слоў) здаровы лад жыцьця. Тры гады таму такіх людзей было 8,1%.

Найбольш такіх людзей у горадзе — 14,2%, а на вёсцы — 10,6%. Найбольш людзей, якія вядуць здаровы лад жыцьця, ва ўзросьце 60 гадоў і болей, такіх 18,6%.

21,7% беларусаў кураць

З гадамі адсотак беларусаў, якія кураць, зьніжаецца. Напрыклад, у 2016 годзе курылі 24% беларусаў, цяпер — 21,7%. Найбольш кураць ва ўзросьце ад 40 да 49 гадоў, такіх 31,9%.

64,8% тых, хто курыць, хацелі б пазбавіцца гэтай звычкі.

24,1% беларусаў не ўжываюць сьпіртовых напояў. 41,3% ужываюць моцныя сьпіртовыя напоі, 45,3% — слабыя сьпіртовыя напоі. 32% — ужываюць піва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG