Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатара фэстывалю «Аршанская бітва» Юрку Копціка асудзілі на 10 сутак 


Юрка Копцік
Юрка Копцік

Такі ж прысуд атрымалі і двое людзей, якіх затрымалі адначасова з Копцікам.

Ігар Уласенка і Васіль Мірановіч, імаверна, дапамагалі аршанскаму краязнаўцу і журналісту Юрку Копціку з арганізацыяй фэсту сёлета.

Мужчынаў затрымалі ўначы 5 верасьня непадалёк ад Крапівенскага поля ў Аршанскім раёне. Афіцыйная фармулёўка, пададзеная міліцыянтамі, — «за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаньнем пратэставай сымболікі».

Пра фэст «Аршанская бітва»

Фэст бардаўскай песьні «Аршанская бітва» традыцыйна ладзіцца на Крапівенскім полі ў гонар перамогі Вялікага Княства Літоўскага над маскоўскімі захопнікамі ў бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Першы фэст адбыўся ў 1991 годзе. На пачатку 90-х на ім прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.

Аднак пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі сілавікі пачалі перасьледаваць удзельнікаў фэсту: як гасьцей, так і выканаўцаў з арганізатарамі. Тыя атрымлівалі штрафы і суткі зьняволеньня, а часта міліцыя спрабавала нават не пускаць людзей на Крапівенскае поле, дзе адбылася славутая бітва. Некалькі разоў дзеля гэтага поле аралі.

У апошнія гады фэст «Аршанская бітва» празь пільную ўвагу сілавікоў праходзіў фактычна падпольна — без шырокай рэклямы, абвяшчэньня складу музыкаў, якія выйдуць на сцэну, і часам не на самым Крапівенскім полі, а ў навакольных вёсках, каб унікнуць масавых затрыманьняў.

Апошні раз фэст меў вялікую колькасьць выступоўцаў і гасьцей у 2007 годзе, тады міліцыя на загад уладаў зладзіла масавыя затрыманьні яшчэ на аршанскім вакзале. Традыцыйна на фэст прыяжджаў мастак Алесь Пушкін, цяпер палітвязень. Быў сярод гасьцей і яшчэ адзін цяперашні палітвязень, блогер Зьміцер Казлоў.

Перамога ў Аршанскай бітве

Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта найважнейшы эпізод вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай і адна з найбольш грандыёзных баталіяў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя. Тады 30-тысячнае войска ВКЛ на чале зь вялікім гетманам Канстанцінам Астроскім пасьпяхова супрацьстаяла большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку.

Гэта дало магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя дагэтуль землі, але і на шэраг гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі ставяць у адзін шэраг з такімі трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд ці Кірхгольм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG