Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васкрасенскі прыехаў на «польскі Давос». Арганізатары кажуць, што запрасілі яго памылкова


Юры Васкрасенскі ў Карпачы
Юры Васкрасенскі ў Карпачы

Сёньня ў мястэчку Карпач на поўдні Польшчы пачынаецца эканамічны форум, які называюць «польскім Давосам». Сярод удзельнікаў імпрэзы і былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які стаў адным з галоўных адвакатаў рэжыму.

Пра тое, што Васкрасенкі мае ўзяць удзел у Эканамічным форуме з Карпачы, стала вядома ў панядзелак. На сайце форуму яго прадстаўлялі як палітыка, палітоляга, эканаміста і былога палітвязьня, якога «вызваліў з турмы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка».

Сёньня пошук імя Васкрасенскага на сайце форуму не паказвае вынікаў, а ранейшая спасылка пустая. Тым ня менш сам Васкрасенскі ўжо ў Карпачы.

У размове са Свабодай ён расказаў, што прыбыў туды першым з 4000 удзельнікаў, зарэгістраваўся і цяпер адпачывае ў лобі гатэлю, чакаючы пачатку імпрэзы. Паводле яго, выступаць публічна ён ня будзе, яго цікавяць перамовы з прадстаўнікамі польскай палітычнай эліты.

— Аляксандар Лукашэнка абвінавачвае Польшчу ў тым, што яна хацела арганізаваць пераварот супраць яго. Варшава абвінавачвае Лукашэнку, што гэта ён высылае ў Польшчу ўцекачоў з Блізкага Ўсходу. Вам такі фон не замінае?

— Польшча абвінавачвае Беларусь, Беларусь у адказ абвінавачвае Польшчу. Ня мы гэта пачыналі, але мы прапануем гэта спыніць. Ніхто ня выйграе з гэтай сытуацыі. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а самае важнае — інтарэсы краіны і народу. Трэба пераставаць слухаць беглых правакатараў і пачынаць аднаўляць адносіны зь беларускай уладай.

— На форуме будзе Сьвятлана Ціханоўская. Ці будзеце вы зь ёй размаўляць?

— Калі яна ня супраць перакінуцца словамі, то можна і перакінуцца. Але мэтанакіравана сустракацца зь ёй я не пляную. Найперш мяне цікавіць польскі істаблішмэнт. Пляную сустрэцца з прадстаўніком МЗС Польшчы і некаторых «фабрык думак». Хачу данесьці да іх аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, што трэба аднаўляць гандлёва-эканамічныя адносіны ў інтарэсах дзьвюх краін і народаў. У мяне найперш пляны правесьці шэраг сустрэч з арганізатарамі і некаторымі прадстаўнікамі польскіх дзяржаўных структураў, якія мяне туды запрасілі. Выступаць публічна я не пляную.

«Калі я ўбачыў, што яго запрасілі, то схапіўся за галаву»

Ежы Марэк Навакоўскі
Ежы Марэк Навакоўскі

Трыбуны для выступу Васкрасенскаму і сапраўды не дадуць. Бо, як сьцьвярджаюць арганізатары, запрашэньне яго на форум у Карпач было зроблена памылкова. Пра гэта «Свабодзе» расказаў адзін з арганізатараў форуму, былы пасол Польшчы ва Ўкраіне і Латвіі Ежы Марэк Навакоўскі:

— Яго запрасіла нашая супрацоўніца, якая ня вельмі ведае сытуацыю ў Беларусі і памылкова адправіла запрашэньне. Ануляваць запрашэньне мы ўжо не маглі, бо гэта выглядала б неяк ня вельмі. Але я спадзяюся, што ў яго ня будзе магчымасьці выступіць.

— А калі ён усё ж захоча выступіць сам?

— Не, у яго ня будзе такой магчымасьці.

— Вы ведаеце, хто такі Юры Васкрасенскі?

— Так, вядома. Калі я ўбачыў, што яго запрасілі, то схапіўся за галаву. Але я даведаўся ўжо вельмі позна.

«Арганізатары спрабуюць захаваць твар»

Сам Васкрасенскі на тлумачэньне Навакоўскага рэагуе ўсьмешкай. Ён лічыць, што ніякай памылкі насамрэч не было.

— Вы і ваша аўдыторыя павінны самі падумаць, ці проста так мне далі памылкова візу і пасялілі па памылцы ў гатэль. Магчыма, арганізатары спрабуюць захаваць твар перад часткай беларускага палітыкуму ў Польшчы. Я ім з задавальненьнем дапамагу і пацьверджу ўсё, што яны скажуць, — сказаў Свабодзе Юры Васкрасенскі.

Эканамічны форум у Карпачы — гэта найбуйнейшая канфэрэнцыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Штогод на форум, які ладзіцца ў пачатку верасьня, прыяжджае звыш 4000 гасьцей. Гэта палітычныя, эканамічныя і грамадзкія лідэры, а таксама прыблізна 600 журналістаў. Госьці прыяжджаюць з больш як 60 краін Эўропы, Азіі і Амэрыкі. Місія форуму — стварыць спрыяльны клімат для разьвіцьця палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі — чальцамі ЭЗ і іх суседзямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG