Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая беларуская спартоўка зьехала ў Польшчу


Вольга Сафронава
Вольга Сафронава

Прадстаўніца Беларусі ў конным спорце Вольга Сафронава стала чарговай беларускай спартоўкай, якая атрымала прытулак у Польшчы.

Як паведамляе Польскае агенцтва друку, Вольга Сафронава атрымала гуманітарную візу і спадзяецца працягнуць кар’еру ў польскай камандзе.

Прадстаўнік спартоўкі ў Польшчы Томаш Віліньскі расказаў, што яна была ў беларускай зборнай, якая мелася выступаць на Алімпійскіх гульнях у Токіо. Але незадоўга перад спаборніцтвамі яе выключылі з каманды. Адзін зь яе коней захварэў перад спаборніцтвамі.

Спартоўка выказвалася крытычна наконт начальства і асабіста Лукашэнкі. Апрача таго, Сафронава — адна з падпісантак адкрытага ліста спартоўцаў за свабодныя выбары.

«Мы хочам атрымаць згоду на ўдзел пад нэўтральным сьцягам. У будучыні Вольга Сафронава будзе намагацца атрымаць польскае грамадзянства, не адмаўляючыся ад беларускага. Калі яна яго атрымае, то хоча прадстаўляць Польшчу. Польскі саюз коннага спорту вельмі зацікаўлены ў супрацы зь ёю», — сказаў Томаш Віліньскі.

Для майстрыні выездкі вырашальнай аказалася грамадзянская пазыцыя. Летась у жніўні спартоўка стала чэмпіёнкай Беларусі, а неўзабаве падпісала ліст за свабодныя выбары. Сьледам прыляцела пагроза адлічыць са зборнай, хоць у апошні момант кантракт усё ж працягнулі — наезьніца ўтрымлівае каня сваім коштам, чым моцна спрыяе бюджэту Мінспорту.

«Для мяне былі важныя пункты, якія тычыліся гвалту і пакараньня вінаватых. Сёньня нельга быць па-за палітыкай, проста ня маем права заставацца ўбаку. Як прайсьці міма тых жа рэпрэсіі? Таму я падпісала зварот. Не выпадае ставіць на адну шалю працу і тое, што адбываецца. Мы павінны зьмяніць жыцьцё калі не для сябе, дык хоць бы дзеля сваіх дзяцей, унукаў, пакінуць ім добры сьлед у гісторыі», — тлумачыла сваё рашэньне коньніца.

Незадоўга да Алімпіяды праблемы ўзьніклі і ў Сандра дэ Амура, каня Вольгі Сафронавай. У Беларусі ён не прайшоў кантроль вэтэрынарнай камісіі, а без дазволу ляцець на спаборніцтвы нельга. Была магчымасьць абсьледавацца за мяжой, аднак вынікі праверкі прыйшлі занадта позна, каб запускаць альтэрнатыўны варыянт.

Пазьней польскія адмыслоўцы канстатавалі: хваробы, якая перашкодзіла б жывёле выступаць у Токіё, пасьля грунтоўнага дасьледаваньня не зафіксавана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG