Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Артура Вольскага, год таму — жаночы марш у Менску


Жаночы марш, Менск, 5 верасьня 2020
Жаночы марш, Менск, 5 верасьня 2020

Падзеі 5 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

5 верасьня 1879 году нарадзіўся Іван Пуліхаў, рэвалюцыянэр пачатку ХХ стагодзьдзя, выканаўца замаху на менскага губэрнатара Паўла Курлова.

Іван Пуліхаў
Іван Пуліхаў

У студэнцкія гады ў мяне быў сябар, які лічыў сваім ідэалам эсэра Івана Пуліхава. Ад яго, сябра, а потым яшчэ з нарысу «Бясстрашны юнак», знойдзенага ў старым нумары «Маладосці», я збольшага і даведаўся пра чалавека, чыім імем названая ціхая вуліца ў прэстыжным раёне беларускай сталіцы.

Іван зацікавіўся рэвалюцыйнай літаратурай у Менскай рэальнай вучэльні. У Пецярбурскім каморніцкім інстытуце яго захапленьне ідэяй пераўтварыць сьвет на справядлівых пачатках было ацэненае: Пуліхаў мусіў вярнуцца пад паліцэйскі нагляд у родны Менск.

30 кастрычніка 1905 году ў губэрнскую сталіцу прыйшлі зьвесткі пра царскі маніфэст, які абвяшчаў дэмакратычныя свабоды. Натхнёныя вызваленьнем палітвязьняў, мітынгоўцы здолелі сабраць на прывакзальным пляцы дваццаць тысяч менчукоў. Губэрнатар Курлоў даў дазвол страляць. На зямлі засталося болей за сто забітых.

Партыя эсэраў вынесла Курлову сьмяротны прысуд. Яго выканаўцу вызначала лёсаваньне, але той, каму выпаў гэты кон, спалохана адмовіўся. Тады за справу добраахвотна ўзяўся Іван Пуліхаў, дапамагчы якому пагадзілася эсэрка Аляксандра Ізмайловіч.

Замах быў няўдалы: бомба, кінутая Іванам у губэрнатара, ня выбухнула. (Ёсьць сьведчаньнi, што напярэдаднi запал бомбы быў абясшкоджаны «ахранкай» з дапамогаю агента-правакатара). Івану й Аляксандры, якая тады ж беспасьпяхова страляла ў паліцмайстра Норава, часовы вайсковы суд прызначыў найвышэйшую кару. Для Ізмайловіч, дачкі царскага генэрала, сьмерць замянілі бестэрміновымі катаржнымі работамі. Пуліхаў у сакавіку 1906-га быў павешаны. Дзеля запалохваньня менчукоў ягонае цела чатыры дні вісела на браме Пішчалаўскага замку, цяперашняй Валадаркі. (Левую эсэрку Аляксандру Ізмайловіч на сёмым дзясятку гадоў расстралялі ўжо бальшавікі.)

Неяк на вуліцы ягонага імя, якую яшчэ й цяпер, паводле савецкай традыцыі (за шапкі некалі высокапастаўленых жыхароў), зрэдку называюць «андатравай», я правёў невялікае апытаньне. Зь пяці тамтэйшых мінакоў паважнага веку трое назвалі Пуліхава «старым бальшавіком», а адзін дадаў штосьці пра «саратніка Ільліча».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 102-103.

У гэты дзень год таму

  • Па Менску прайшоў жаночы марш.
  • Чатыры топ-мэнэджары IT-кампаніі PandaDoc арыштаваныя ў Менску.
  • «Надзелі капюшон, далі маску і паклалі на задняе сядзеньне». Кавалькова расказала, як яе вывозілі зь Беларусі.
  • «Ваш зварот далучаны да крымінальнай справы». Сьледчы камітэт адказаў Каардынацыйнай радзе на прапанову сустрэцца.
  • «Не рабіце супрацьзаконных дзеяньняў». Па СТВ паказалі відэазварот арыштаваных тэлевядоўцаў Дудзінскага і Кахно.

Гэты дзень у гісторыі

1905 — падпісаньнем Портсмуцкай дамовы скончылася расейска-японская вайна.

1914 — пачалася бітва на Марне паміж Францыяй і Нямеччынай у часе Першай сусьветнай вайны.

1918 — у савецкай Расеі абвешчаны «чырвоны тэрор».

1957 — Кубінская рэвалюцыя: паўстаньне на марской базе Сьенфуэгас. У ходзе баёў загінулі каля 200 маракоў, 600 цывільных асобаў і 100 жаўнераў урадавых войскаў.

1958 — у ЗША ўпершыню апублікаваны раман Барыса Пастарнака «Доктар Жывага».

Барыс Пастэрнак
Барыс Пастэрнак

1972 — падчас Мюнхэнскай алімпіяды 8 тэрарыстаў палестынскае арганізацыі «Чорны верасень» узялі ў закладнікі, а потым забілі 11 ізраільскіх спартоўцаў.

1981 — у Гданьску распачаўся I Нацыянальны кангрэс дэлегатаў «Салідарнасьці».

Лех Валэнса выступае на І Нацыянальным кангрэсе "Салідарнасьці", Гданьск, 5 верасьня 1981
Лех Валэнса выступае на І Нацыянальным кангрэсе "Салідарнасьці", Гданьск, 5 верасьня 1981

У гэты дзень нарадзіліся

1638 — Людовік XIV, кароль Францыі, які быў на стальцы 72 гады.

1860 — Кандрат Лейка, беларускі пісьменьнік і пэдагог.

1901 — Віталь Вольскі, беларускі празаік, драматург, палітычны дзеяч.

Віталь Вольскі
Віталь Вольскі

1901 — Арсен Канчэўскі, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

1917 — Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР у 1982–1997 гадах.

Язэп Сажыч на Дні волі ў Менску, 1993
Язэп Сажыч на Дні волі ў Менску, 1993

1946 — Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі рок-музыка, лідэр гурту Queen.

Фрэдзі Мэрк'юры
Фрэдзі Мэрк'юры

1964 — Сяргей Лазьніца, украінскі кінарэжысэр беларускага паходжаньня.

Сяргей Лазьніца
Сяргей Лазьніца

У памяці

1569 — Пітэр Брэйгель старэйшы, флямандзкі мастак.

1937 — Анатоль Дзяркач, беларускі паэт, сатырык, гумарыст, мэмуарыст.

1992 — Міхал Ляпеха, рабочы, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х.

Genius loci — геній месца зрабіў сваё дзіва: Міхал пакінуў у роднай вёсцы дыхтоўную хату і разам зь сям’ёй пераехаў у Кушляны, пасяліўшыся ў невялікім кутку былога паэтавага дому, дзе тады была бібліятэка зь сьціпленькай мэмарыяльнай экспазыцыяй.

Без ахвярнасьці Міхала Ляпехі Беларусь магла б ня мець сёньня сядзібы-музэю Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Пасада дзядзькі Міхала афіцыйнаназывалася «вартаўнік», аднак, па сутнасьці, ён стаў і экскурсаводам, і хавальнікам сядзібы аднаго зь першых будзіцеляў нацыі, які растлумачыў беларусам, дзе іх краіна, як яна мусіць звацца, і наказаў берагчы — каб ня ўмёрлі — мову сваю, такую ж людзкую й панскую, як нямецкая або француская.

Найверагодней, што без ахвярнасьці Міхала Ляпехі, якога ў шасьцідзясятыя — васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя ведала ўся сьвядомая Беларусь, Багушэвічаў дом пры тагачаснай «ахове» помнікаў гісторыі й культуры да рэстаўрацыі проста б не дацягнуў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 398-399.

1997 — Маці Тэрэза, гуманітарная дзяячка, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1979 году.

Маці Тэрэза
Маці Тэрэза

2002 — Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладчык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху, 1980-х — пач. ХХI ст., сын Віталя Вольскага і бацька Лявона Вольскага.

Артур Вольскі з сынам Лявонам, 1966
Артур Вольскі з сынам Лявонам, 1966

Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сьведкам таго, як на шэсьцях дэмакратычных сілаў уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі тых, хто перагароджваў дарогу.

Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага «Несьцеркі», пражыў восемдзесят сем гадоў, маці — дзевяноста чатыры. Генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыцьцё. Аднак умяшаўся выпадак, а найверагодней — загадзя сплянаваная акцыя. Пасьля вечаровага выступу перад школьнікамі Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго ня проста жорстка зьбілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку мэдыкаў, і справакаваў анкалягічнае захворваньне.

У ліку ягоных найлепшых паэтычных твораў астатніх гадоў многія называюць верш «Калі гучыць «Магутны Божа»:

Калі гучыць «Магутны Божа»,

гатоў я ўпасьці на калені.

Бог — толькі Бог! — нам дапаможа

знайсьці шляхі да вызваленьня...

Таленавіты род Вольскіх доўжыцца ў Артуравым сыну Лявону — адным з найпапулярнейшых у краіне рок-музыкаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 492-493.

2005 — Зьміцер Кісель, беларускі публіцыст, журналіст, гісторык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG