Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: cэпаратысты Каталёніі шукалі падтрымкі ў расейскіх спэцслужбаў


Марш у падтрымку незалежнасьці Каталёніі, Барсэлёна, люты 2019
Марш у падтрымку незалежнасьці Каталёніі, Барсэлёна, люты 2019

Паплечнікі лідэра сэпаратыстаў Каталёніі Карлеса Пудждэмона маглі супрацоўнічаць з расейскімі спэцслужбамі і зьвяртацца да Расеі па дапамогу ў справе аддзяленьня аўтаноміі ад Гішпаніі. Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на матэрыялы эўрапейскай выведкі.

Журналісты расказваюць пра палітыка і гісторыка Жузэпа Люіса Алая. Як сьцьвярджаецца, вясной 2019 гады ён наведваў Маскву, каб атрымаць там падтрымку ў пытаньні аддзяленьня Каталёніі ад Гішпаніі.

Па зьвестках СМІ, дарадца Пудждэмона сустракаўся зь дзейнымі прадстаўнікамі спэцслужбаў, а таксама з былымі расейскімі выведнікамі, мужам і жонкай Аленай Вавілавай і Андрэем Бязрукавым, і былым кіраўніком контравыведкі ФСБ Алегам Сырамолатавым. Сярод кантактаў Алая ў Расеі — журналіст Яўген Прымакоў. У 2019 годзе ён вёў праграму «Міжнародны агляд» на тэлеканале «Россия-24».

Алай і Пудждэмон пацьвердзілі факты візытаў у Расею. Пры гэтым палітыкі сьцьвярджаюць, што гэта былі звычайныя дзелавыя паездкі для падтрымкі рэгулярных кантактаў з замежнымі афіцыйнымі асобамі і журналістамі, у тым ліку з Прымаковым. Цяпер ён узначальвае «Россотрудничество». Гэта агенцтва, як сьцьвярджаюць заходнія спэцслужбы, часта служыць прыкрыцьцём для расейскіх выведных апэрацый за мяжой.

Дарадца Пудждэмона пацьвердзіў сустрэчу з былымі афіцэрамі зьнешняй разьведкі Бязрукавым і Вавілавай. Яны працавалі ў ЗША пад прыкрыцьцём пад кодавымі імёнамі Дональд Гітфілд і Трэйсі Фолі. Гісторыя іх працы, арышту і вяртаньня ў Расею легла ў аснову для тэлесэрыяла «Амэрыканцы».

Вавілава выдала аўтабіяграфічны раман «Жанчына, якая ўмее захоўваць таямніцы». Алай, як сьцьвярджаюць журналісты, за тры месяцы пераклаў кнігу на каталянскую мову. Дапамагаў яму ў гэтым расеец Аляксандар Дзьмітрыенка. Міністэрства юстыцыі Гішпаніі падазрае яго ў сувязях з расейскімі спэцслужбамі.

The New York Times са спасылкай на канфідэнцыйныя дакумэнты піша, што для Крамля праца з сэпаратыстамі адпавядала стратэгіі прэзыдэнта Расеі. Уладзімір Пуцін, па зьвестках спэцслужбаў, імкнуўся пасеяць разлад на Захадзе, падтрымліваючы сэпаратысцкія настроі.

У The New York Times няма дадзеных пра тое, ці атрымаў Алай дапамогу ад Масквы, але неўзабаве пасьля яго паездкі была ўтворана група «Дэмакратычнае цунамі», якая арганізоўвала пратэсты ў Каталёніі. У прыватнасьці, актывісты ладзілі акцыі ў аэрапорце Барсэлёны і перакрывалі галоўную аўтамагістраль, якая злучае Гішпанію з паўночнай Эўропай.

Гішпанская паліцыя ў адной са справаздач паведамляла, што ў стварэньні пратэставай групы ўдзельнічаў дарадца Пудждэмона, піша выданьне. Акрамя таго, у гэтых жа справаздачах, як сьцьвярджаецца, маюцца пацьверджаньні аб наладжваньні сувязяў з расейскай выведкай.

  • Чуткі пра сувязі расейскіх палітыкаў з Каталёніяй упершыню зьявіліся пасьля таго, як урад Пудждэмона ў кастрычніку 2017 году правёў рэфэрэндум аб аддзяленьні рэгіёну ад Гішпаніі. Большасьць з тых, хто прагаласаваў, выступілі за незалежнасьць аўтаноміі.
  • Мадрыд не прызнаў вынікаў галасаваньня. Улады гэтай краіны арыштавалі многіх лідэраў пратэсту. Пудждэмон уцёк за мяжу. Прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі абвінавацілі гішпанскія ўлады ў выкарыстаньні тэмы расейскага ўмяшаньня для ачарненьня масавага руху звычайных грамадзян.
  • Расея неаднаразова заяўляла, што не займаецца ўмяшаньнем у справы замежных дзяржаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG