Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік EPAM заклікаў улады не караць людзей за перакананьні і першымі пачаць дыялёг


Кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін
Кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін

Кіраўнік ЕРАМ Аркадзь Добкін у інтэрвію dev.by выказаўся пра адʼезд талентаў зь Беларусі і неабходнасьць дыялёгу ўлады з грамадзтвам, які мог бы пачацца з спыненьня перасьледу за перакананьні. Прыводзім некаторыя цытаты.

Я думаю, сытуацыя сёньня вельмі сурʼёзная. Перш за ўсё з пункту гледжаньня страты таленту. Амаль год таму я выказаў меркаваньне, што гэта можа быць самым значным зыходам таленту зь Беларусі. На жаль, імавернасьць гэтага толькі павялічылася. Гэта вельмі і вельмі сумна.

EPAM не зьбіраўся і не зьбіраецца сыходзіць ці закрывацца ў Беларусі. Найперш таму, што мы як кампанія з сурʼёзнай адказнасьцю перад супрацоўнікамі, кліентамі, акцыянэрамі і краінай, падыходзім да сытуацыі рацыянальна і стараемся пакідаць эмацыйныя аспэкты па-за полем прыняцьця рашэньня.

Паводле нашых прыкідак, ужо зьехала каля 10—15% людзей з індустрыі. Можа зьехаць яшчэ столькі ці болей. Зь семʼямі, зь дзецьмі-падлеткамі і студэнтамі, якія ўжо ня прыйдуць у ВНУ і ня прыйдуць у кампаніі ў Беларусі. Гэта вялікія страты таленту і ўсяго таго, што зь імі зьвязана. І вельмі цяжка ўзнаўляльныя страты. І, вядома ж, вялізны падарунак суседзям.

Зыход людзей прымушае кампаніі ўсё больш задумвацца пра сваю прысутнасьць у краіне. Няма чалавечага капіталу — няма бізнэсу. Зыход кампаній прымушае людзей яшчэ больш думаць пра эміграцыю. Ня будзе кампаній з рэпутацыяй і даверам кліентаў — ня будзе цікавай і кваліфікаванай працы.

Што значыць тады рацыянальнасьць з гледжаньня ўлады? Перш за ўсё, відаць, гэта перагляд падыходу да пакараньня людзей за іх перакананьні і за мірнае выражэньне гэтых перакананьняў, за іх сумленную прафэсійную дзейнасьць, уключна з спыненьнем адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу гэтых катэгорый грамадзян.

Гэты крок крытычна важны.

Ён дазволіць прынамсі спыніць зыход людзей з пачуцьця страху і пачуцьця неабароненасьці, у нейкай ступені адчаю і неразуменьня, за што можна сёньня быць пакараным адміністрацыйна ці крымінальна.

Гэта дазволіць і бізнэсу перастаць баяцца за людзей і засяродзіцца найперш на бізнэсе, кліентах і захаваньні яшчэ ня страчанага даверу. Безумоўна, неапраўданыя прэтэнзіі да бізнэсу таксама ніяк не дапамагаюць, але ў дадзенай сытуацыі гэта ўжо, хутчэй за ўсё, другасна. Бо бізнэс — гэта перш за ўсё людзі.

Гэта, напэўна, і ёсьць аснова для пачатку дыялёгу.

Чаму менавіта ўлада павінна зрабіць гэты першы крок? Пэўна, перш за ўсё таму, што ў яе ёсьць улада.

Кампанія ЕРАМ уваходзіць у эліту сусьветнай ІТ-індустрыі, яе падразьдзяленьні працуюць у 40 краінах, дзе працуюць звыш 40 тысяч чалавек (зь іх 10 тысяч — у Беларусі).

9 жніўня падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «нейкі EPAM і іншыя, Добкін або Дробкін» пералічвалі грошы на пратэставыя акцыі. І заявіў, што дзяржава павінна бачыць «усе фінансавыя патокі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG