Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар неба і зямлі


Алесь Разанаў

Асоба Алеся Разанава мела не адно вымярэньне і ўвасабленьне, але найперш ён, стваральнік новых жанраў і наогул новай паэтыкі, застанецца геніяльным паэтам, які заслугоўваў Нобэлеўскай прэміі.

Хмельным глытком кіслароду для нас, маладых літаратараў, сталася на пачатку 1970-х першая ж ягоная кніга «Адраджэньне».

Тры гады таму «Сон у купальскую ноч» на сцэне Купалаўскага тэатру, калі Шэксьпір загучаў у перакладзе Разанава, навёў, напэўна, ня толькі мяне на думку пра сувымернасьць гэтых творцаў.

Пра яго казалі: «Жыхар неба», але ён заўсёды заставаўся і жыхаром нашай беларускай зямлі. У студэнцтве быў выключаны з унівэрсытэту за ліст з патрабаваньнем выкладаць па-беларуску. У сьнежні 2010-га паставіў свой подпіс пад лістом генэральнаму пракурору, калі мы ня ведалі, жывы ці мёртвы яшчэ адзін выдатны паэт — кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Алесь ня проста падпісаў ліст, а быў сярод тых, хто прыйшоў у Генэральную пракуратуру. Памятаю, як мы ішлі туды і сыходзілі амаль што пад канвоем людзей у цывільным.

Я ня ведаю, ад чаго памёр Алесь, але ўпэўнены, што ягоны сыход не магла не прысьпешыць сёньняшняя задушлівая нясьцерпная атмасфэра, дзе крамольным улада лічыць само слова «свабода».

Але я ведаю: творы Алеся Разанава — з тых цаглін, якія не дадуць зьнішчыць ні гмах беларускай літаратуры, ні саму Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG