Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона спартоўца-палітвязьня Аляксея Кудзіна аспрэчыць вынесены яму прысуд

Аляксей Кудзін, архіўнае фота
Аляксей Кудзін, архіўнае фота

Адзінаборац Аляксей Кудзін, асуджаны на 2,5 года калёніі за супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас леташняй акцыі пратэсту ў Маладэчне, абскардзіць прысуд.

Пра гэта ягоная адвакатка Марына Крумкач расказала журналістам. Напярэдадні яна наведала падабароннага ў ІЧУ ў Жодзіна, дзе яны абмеркавалі гэтае пытаньне.

На перакананьне абаронцы, зробленае злачынства пры наяўнасьці зьмякчальных акалічнасьцяў не адпавядае прызначанаму пакараньню. Па яе словах, яшчэ на стадыі разгляду яны разьлічвалі, што суд прызначыць не пазбаўленьне, а абмежаваньне волі.

Шматразовага чэмпіёна сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна затрымалі пасьля акцыі пратэсту ў Маладэчне 10 жніўня і пачалі крымінальную справу паводле арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадзкі парадак). Спартоўца абвінавацілі ў тым, што ён нанёс ўдары вайскоўцу ўнутраных войскаў, а таксама супрацоўніку УУС Менаблвыканкаму.

Два тыдні баец правёў у Маладэчанскім РАУС і СІЗА Жодзіна, затым яго перавялі пад хатні арышт і падпіску аб нявыезьдзе, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суду ў лістападзе 2020 году.

На запыт беларускіх уладаў яго затрымалі ў Маскве ў пачатку гэтага году. Эўрапейскі суд у правах чалавека 21 ліпеня забараніў Расеі экстрадыцыю беларуса. Аднак у гэты ж дзень пасьля заканчэння тэрміну ўтрыманьня пад вартай у СІЗА яго вывезьлі ў Менск.

Суд у Маладэчне прызнаў Аляксея Кудзіна вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 КК і прызначыў яму два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму.

Праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксея Кудзіна палітычным вязьнем.

XS
SM
MD
LG